Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

Паэзiя, у тым лiку i расейская клясыка, мала краналi. Трохi пазьней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў. I я зразумеў, чаму, калi пасьля вайны прачытаў у Бунiна, што Лермантаў, а зусiм ня Пушкiн — першы паэт Расеi.

Некалькi год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў цiхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пiсаў дыктоўкi i сачыненьнi. Тады мы стварылi пэўную каапэрацыю i памагалi адзiн аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. Зь цягам часу я зусiм занахабнiчаў i на ўроках матэматыкi чытаў пад партаю кнiжкi. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Сьлiмборскi, ён жа выкладчык матэматыкi, мяне не злавiў i не паставiў двойку. Мусiў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатнiх прадметах меў адны пяцёркi.

Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленьне — маляваньне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяй цi чацьвертай клясы, — як звычайна, алоўкам цi акварэльнымi фарбамi для насьценнай газэты, розныя школьныя дапаможнiкi — карты, схемы… Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы Астроўшчына жыў селянiн Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсiх. Але ў часы грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага дваранiна недзе ў Сiбiры, казалi, нават у губэрнатара. Дык ён прывёз на радзiму некалькi карцiн алеем, маленькiх такiх эцюдзiкаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопiсаў «Нивы», «Огонька» за некалькi год. «Огонька» нават з пачатку стагодзьдзя аж да 1916 году. Там было шмат рэпрадукцыяў — чорна-белых i каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплёты-падшыўкi, чытаў, разглядаў малюнкi тагачасных мастакоў. Ну i, канешне, сам маляваў. Пасылаў кудысьцi на конкурсы свае малюнкi, перапiсваўся, здаецца, зь Менскiм цi Вiцебскiм домам пiянэраў. Там былi мэтадычныя кабiнэты, адкуль мне прысылалi заданьнi…

Што ж да кніжак, дык яны таксама маюць сваю пару, кожную зь iх трэба чытаць у пэўным узросьце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнiгi, зь якiх у дзiцячым узросьце ўзяў далёка ня ўсё, што належала ўзяць. Але, можа, i памыляюся. Можа, менавiта ў раньнiм узросьце яны i маглi закрануць штосьцi ў душы, а пасьля ўжо рабiлася позна. I пасьля кранала-камячыла жыцьцё, а не ўплывала лiтаратура.