Читать «Нямко» онлайн - страница 39

Алесь Адамовіч

— Два гады, кажаш, хаваўся? А чаму раней не прыходзіў? Ну прыдумаў бы нешта, а то:

— Лепей позна, чым ніколі.

Жартаўнік! Ён што, вораг сабе самому? Знайшоў што сказаць!

— За гэтыя два гады — ведаеш, колькі хлопцаў галовы паклалі! Адказ горш няма куды:

— Камусьці і жыць трэба.

Ён што, нахабнік? Ці гэта ад разгубленасьці, ад нечакана непрыязнай сустрэчы? Ці проста дурны гэты падпольны шавец? Вунь як па-дурному сам жа апавядаў жыхарам пра тое, што выдаў сваю выратавальніцу.

Як бы праверыўшы агульны настрой (і адначасова накіроўваючы яго), камісар задаў яшчэ пытаньне:

— Значыць, ты ў партызаны сабраўся? А што можаш рабіць, кім хочаш быць?

— Я-то наогул шавец. Але і поварам магу. Усім магу.

— Усім можаш, — камісар хмурна зірнуў на нас, як бы запрашаючы палюбавацца на гэтага разумніка, — ну а чаму ня кажаш: магу кулямётчыкам, магу аўтаматчыкам?

— Калі трэба, калі ласка.

— Ласка твая нікому не патрэбна. Не за нас (мы самі), за сябе паваюй! Досыць усім на дурніцу ехаць!

Калі ў камісара была свая нейкая мэта, дык ён яе дасягнуў цалкам, ані не рызыкуючы парушыць формулу нашага інтэрнацыянальнага выхаваньня. А як яшчэ з такою нахабаю гаманіць?! Але было і такое пачуцьцё: з нас вывернулі наверх нешта нячыстае, пра што не хацеў бы нават ведаць, што яно ў табе тоіцца. Ці не таму так ахвотна паверылі, што ён сапраўды выдаў тую жанчыну? I як бы нават узрадаваліся такому факту, які апраўдваў, растлумачваў нашы да яго адносіны.

Рота пастроілася ісьці, навічок наважыўся стаць ззаду, да яго пад’ехаў на сваім прыгажуне кані Васіль Емяльянавіч:

— А ты куды сабраўся?

— 3 вамі.

— У нас повары-шаўцы ёсьць. Ня маем патрэбы.

Здавалася, з ротай у камісара поўная згода. Ды і ў мяне зь ім таксама. Таму я крыху зьдзівіўся, калі празь месяц ці два ў пасёлку Акцябарскі з возу, гружанага абрэзкамі дошак, нехта радасна мне крыкнуў:

— Добры дзень! I як бы жадаючы ўзрадаваць:

— А я ў пякарні ў Міцькі!

«Міцька» — суседні атрад нашай жа брыгады. Самае дзіўнае: як ён мог пазнаць аднаго з паўсотні, што яго адверглі, не прынялі? Няўжо ў мяне неяк адрозьніваўся тады твар, позірк, што ён мог бы ўспрыняць як спачуваньне яму?

12

Блякада — такая штука, не дазваляе доўга на адным нечым затрымлівацца, спыняцца. Гоніць бязьлітасна наперад, нават калі і бегчы ўжо няма куды. I для Франца з Палінай, для тых, хто поруч, такі момант надышоў — бегчы няма куды, шчыльная страляніна навокал, зусім блізка, поруч. Іх узялі. Франц слухае, чуе, як людзі ў плашчах, плямістых накідках па-нямецку перамаўляюцца: што рабіць з злоўленымі бандытамі? Цягнуць іх цераз балота ці лепш — пакласьці на месцы. Тоўсты, у акулярах, яфрэйтар зь нечаканай упартасьцю пярэчыць етаршаму афіцэру: зброі пры іх няма, іх трэба загнаць у лягер! Франц выгляду не падае, што разумее. Не хацеў, каб і Паліна ведала, аб чым змаўляюцца.

Так яны апынуліся ў лясным лягеры. Што за лягер, дзе гэта, ня ведалі, дрэнна арыентаваліся, але часта чулася, гучала слова: Азарычы.