Читать «Нямко» онлайн - страница 24

Алесь Адамовіч

— Аўтаматная чарга! — Франц насьцярожана ўзьняў галаву. Далекавата, але чаму разрыўныя кулі паўтарылі яе зусім побач, у кустах за зямлянкай?

— Гэта ж салавей! — засьмяялася Паліна. — Як будзе па-нямецку?

— Nachtigall. Нікому толькі не расказвай, што Франц ужо… Пакруціў пальцам ля скроні.

— Не, праўда, падобна, — супакоіла Паліна, — во, ну зусім, як кулямёт. А цяпер палошча горла. I да вайны сьпявалі салаўі, але нікому ў галаву не прыходзіла такое.

— Многае не прыходзіла, — згадзіўся Франц. — А ў вашай школе…

I пайшлі разьбіраць сьценку няведаньня адно аднаго — і таго, і другога, і трэцяга няведаньне. Як у вас? А ў вас як? Выявілася, што многае вельмі падобна: дзяўчаты болып разумеюць хлопцаў, чым тыя іх — што ў нямецкім Дрэздэне, што ў беларускіх Петухах. I так жа аднолькава жывуць у вечным супрацьстаяньні жаночай часткі школы і мужчынскай, але здраднікаў свайму племені болын сярод дзяўчат. Вось была ў дзясятай клясе Клаўка, дзеўка ніякая зь сябе, у яе і хлопца свайго не было на выпускным вечары, дык старшаклясьнікі потым расказвалі: яна столькі пар разьбіла, разьвяла за адзін той вечар! Нават у каго справа ішла да вясельля ўжо. I чым узяла, ты падумай! Тыя, нявесты, трымалі сваіх хлопцаў на адлегласьці: пацалунак яшчэ можна, а болын — ні-ні! — гэта каб давесьці іх да вясельля. Вам жа толькі саступі і — адз’ю! Гэтая нахабніца ўсім дала ўрок: танцавала з хлопцамі з усімі запар і ўсе яе наперабой запрашалі — прыціскалася, бессаромная, глядзела так, што кожны паверыў: сёньня ён усё і атрымае, калі зь ёю пойдзе. Ну як апаіла зельлем! I пакінула дурнямі. У нявест пасьля гэтага вечара разлад з жаніхамі, у некаторых назаўсёды — адпомсьціла за ўсе дзесяць гадоў няўвагі.

Паліна задала тон, Франц вось гэтак жа асуджальна загаварыў аб лёгкіх, проста-ткі сьвінскіх норавах сярод хлопцаў, захапіліся, ажно дыханьне стала гарачым і ў яе, і ў яго, здавалася, цяпер у’жо ня змогуць стрымаць сябе, зблізяцца рукі, вусны, але што вы, як цяпер гэта магчыма?! Пра што толькі што гаманілі?.. Як асуджалі! Як абураліся! Зьбянтэжана змоўклі Паліна з Францам, адчуўшы сябе падманутымі кімсьці: назьдзекаваўся і глядзіць на іх збоку, каб гучна зарагатаць пры першым іх дотыку. Расчаравана паляжалі і заснулі кожны на сваім месцы — прыблізна за мэтар адно ад аднаго. Але дзяўчына ўсё-ткі сказала «на расстаньне»:

— На новым месцы прысьніся жаніх нявесьце.

Аднак сказана было гэтак іранічна, што Франц так і не адважыўся працягнуць у яе бок руку. Помніць, бедалага, кіпцюрыкі!

Перш чым заснуць, Паліна шмат наўспамінаць пасьпела. Віру прыгадала. Вось яна б ведала, як распарадзіцца і сабой, і Францам.

Жыла гэтая сям’я, яд уяўлялася петухоўцам, «бы паны». А імя Віры — ад Эвіры, што азначае: Эпоха Войнаў і Рэвалюцыяў. Імя ёй такое дала маці, тая самая дырэктрыса-гістарычка.

Бацька Віры (пакуль і гэтых не перасаджалі) працаваў лясьнічым, гаспадарка яго была ледзь не з паўраёна, дзясяткі лесьнікоў у яго распараджэньні, і лес з грыбамі-ягадамі, і трава на палянах, і дровы. Усё, чым у лясным краі люд жывы. Прасторнае лясьніцтва разьмяшчалася наводшыбе вёскі, за высокай дашчанай агароджай, дзе стаяла вялізная кантора, раздольны дом лясьнічага, высокія, з моцнага дрэва, цёсу, гаспадарчыя збудаваньні. У лясьніцтве было некалькі коней, добры выезд. Усё не як у рваным-гнілым калгасе: што збруя, што вазок — кашоўка, коні — воч не адарваць! Нават свая сажалка была за той высокай агароджай, а зімой — каток для Віры і яе сяброў. Але сяброў у яе было няшмат. Гэта яшчэ трэба было заслужыць. I перш за ўсё — непадобнымі на агульныя паводзінамі, сьмеласьцю ведаць тое, чаго іншыя ведаць баяцца. Сама яна была і разумніца, і красуня. Чытала шмат, але галоўнае — пра ўсё ў яе было сваё меркаваньне. I сапраўды — анічога не баялася. Так здавалася Паліне. Аж галава кругам ішла поруч зь ёю. Я сама сабе кніга, любіла паўтараць. I паведамляла, што падумалася, што адчулася — чаму? як так? — у такіх вось і такіх вось абставінах. Аднойчы бацька — вусаты, чарнагрывы прыгажун — яе проста высек. «Зь цікаўнасьці», як сама казала, падпаліла капу сена проста ў двары. Дык вось: «Ён мяне пугай, пугай, так спужаўся пажару, а я ў гэтыя хвіліны любіла яго болып, чым калі-небудзь. Да сьлёз».