Читать «Нямко» онлайн - страница 22

Алесь Адамовіч

Вясковыя «лічыльнікі» бацькі з жоўтымі касьцяшкамі чамусьці не забралі, калі быў вобыск, яны дачакаліся ягонага звароту з турмы. Калі вайна пачалася. Прачнулася ноччу Паліна ад спалохана-шчасьлівага крыку маці:

— Дзеці! Дзеці!

Затым усе дружна грэлі ваду, памагалі бацьку мыцца, як немаўля, паставілі яго ў балею — вялізную і нізкую — і палівалі вадой, намыльвалі, церлі вяхоткай. А ён зусім не саромеўся свайго голага цела, непраўдападобна худога, адны косьці. Шапялявіць стаў, зубоў пярэдніх няма. Маці са страхам пытала:

— ІПто ў цябе са сьпінай? Па ўсім целе — што гэта за шнары?

Спачатку бацька нічога не расказваў. Што т а м было, як ён вызваліўся. Вайна ішла, зь лесу сталі наведвацца «акружэнцы», хутка гэтае слова было выцесьнена іншым: «партызаны». У бацькі нейкія справы зь імі пачаліся, адразу ж. Некуды іх вадзіў, зьнікаючы нанач, а то і на некалькі сутак. Аднойчы загаварыў:

— Паслухайце і забудзьце. Невядома, што яшчэ нас чакае ў жыцьці. Але хачу, каб вы ведалі ўсё.

Пра тое, як у менскай турме білі, выбівалі зубы і «прызнаньні» ў шкодніцтве, затым нейкага «пісьменьніка» прыплялі, мабыць, ён ім быў патрэбны больш, чым сам Кучэра. Раскажы, як прыяжджаў чытаць вершы, а сам вэрбаваў для польскай дэфэнзывы, ахранкі! Пра тое, як гэты «нацдэм» падбіраў людзей для сувязі з замежжам. А тут — вайна, Менск сталі бамбіць, турма трэслася ад грымотаў. Па Маскоўскай шашы ўцякалі гараджане, сьледам вялі «ворагаў», некалькі доўгіх калён, у аховы чырвоныя пятліцы, такія ж аколышы фуражак, вінтоўкі з даўгімі рускімі штыкамі. I гэтыя штыкі вартуюць цябе, радзіму ад цябе ахоўваюць. А немец лупіць зьверху, і ты ўжо нібыта зь ім супроць сваіх. Спрабавалі ўгаворваць канвой: адвядзіце нас у ваенкамат, здайце ў армію, ваяваць зь немцам хочам. Заткніся, варожае адродзьдзе! Але вось выстраілі арыштаваных у шарэнгу, самі насупраць зь вінтоўкамі, кулямёты на зямлі: нейкі загад зачытваць будуць. Маёр-энкавэдыст трымае ў руцэ паперку, дачакаўся, пакуль усіх падраўнялі, усе падрыхтаваліся, і, гледзячы ў паперу сваю:

«Аго-онь!» А тут якраз наляцелі самалёты.

— Я ляжу сярод бульбянішча, скашу вочы — крыжы над галавон равуць і адтуль стракочуць. Хто яшчэ жывы, бегчы спрабуе, па тых — энкавэдэшнікі. А адзін, бачу, падбег, штыком на суседа замахваецца, як я нагамі даў яму між ног, аж узвыў. Падскочылі мы і наўцёкі, а збоку бачу: энкавэдэшнік стаў над жанчынай, на абедзьве рукі нагамі, ды я-як штыком ёй у грудзі ці жывот! 3 усяго маху — жанчыну!