Читать «Нямко» онлайн - страница 23

Алесь Адамовіч

Так забівалі царскую сям’ю (сьведчаньне забойцы):

«… Арыштаваныя ўжо ўсе ляжалі на падлозе, сьцякаючы крывёю, а насьледнік усё яшчэ сядзеў на крэсьле. Ён чамусьці доўга ня падаў з крэсла і заставаўся яшчэ жывы. Упрытык пачалі яму страляць у галаву і грудзі, нарэшце і ён зваліўся з крэсла. Зь імі разам быў расстраляны і той сабачка, якога прынесла з сабой адна з дачок…

Ермакоў, бачачы, што я трымаю вінтоўку са штыком, прапанаваў мне дакалоць, хто застаўся жывы. Я адмовіўся, тады ён узяў у мне з рук вінтоўку і пачаў іх даколваць. Гэта быў самы жахлівы момант іх сьмерці. Яны доўга не паміралі, крычалі, стагналі, ператоргваліся. У асаблівасьці цяжка памерла тая асоба — дама. Ермакоў ёй усе грудзі скалоў. Удары штыком ён рабіў так моцна, што штык кожны раз глыбока ўтыкаўся ў падлогу» (Стракоцін).

«Апошняй сканала, каторая абаранялася падушачкай, што знаходзілася ў яе ў руках… (Пакаёўка царыцы Дзямідава). Малодшая доч б/цара ўпала на сьпіну і прытаілася забітай. Заўважаная тав. Ермаковым, яна была забітая стрэлам у грудзі. Ён, стаўшы на абедзьве рукі, стрэліў ёй у грудзі» (Нятрэбін В. Н.).

9

Вырашылі пайсьці зь вёскі — са сьмерцю Кучарыхі, здавалася, яна памерла канчаткова — і пасяліцца ў лесе, куды не дабраліся б ні немцы з паліцаямі, ні партызаны. А як знайсьці такое месцайка? Даганяючы, перасьледуючы, уцякаючы і хаваючыся адно ад аднаго, яны бясьпечных мясьцін на гэтай зямлі не пакідалі.

Але пашанцавала. У густым непраглядным ельніку (праўда, прасека блізка) набрылі на закінутую зямлянку. Мяркуючы па тым, як парасьлі, пакрыліся грыбамі і чагай бярвеньне і жэрдкі, а бляшаная бочка-«буржуйка» афарбавалася ў охру іржы, тут даўно ніхто ня жыў. Магчыма, з восені-зімы 41-га, калі акружэнцы-партызаны таіліся ў лясах, выходзілі адно здабываць харч. Часам абстрэльвалі нямецкія машыны.

Прыбралі з нараў гнілое гальлё, высьцелілі ложа сьвежым ельнікам і бярозай. Франц сякерай, якую з сабой прыхапілі, насёк сухіх дроваў — падрыхтаваліся жыць доўга. Па лесе распоўзься дымок, а зь ім і трывога: каб ня ўнюхаў хто. Пакуль сушыліся іх апраткі, сядзелі пад дрэвамі. Франц сказаў:

— Добрая чалавек твая мутэр. Паказаць маю?

Запусьціў руку пад кашулю, на далоні ў яго зазіхцеў мэдальён. Як гэта ня ўгледзеў той, «трафэйшчык»? Шнурок засмаліўся, брудны, а золата зіхціць, як жывое. Падкалупнуў пазногцем, і паказалася фатаграфія. Паліна наблізіла свой твар, на яе глядзіць строгая чужая жанчына з акуратна ўкладзенай прычоскай. Франц вытрас сабе на далонь фатаграфію, перавярнуў яе.

— Тут напісана: «Ich werde dich Schützen». Я цябе (як гэта? Ага!) абараню. Усім ім так здаецца.

Франц доўга і няскладна тлумачыў, што насіць гэта рызыкоўна, а замазаць нямецкі надпіс будзе нядобра, а таму просіць Паліну забраць і захоўваць, пакуль яму зноў можна будзе…

Паліна ня ведала, як тут ёй быць. Нібыта яна прысвойвае права, не спытаўшы ў той жанчыкы, трымаць на грудзях яе фатаграфію. Нейк няёмка перад ёю, што далёка жыве. Пацерла зіхоткае золата між далоняў, заадно і шнурок, і спусьціла халоднае сардэчка пад кашулю. Памяць яе міжволі сьцялася: чамусьці прыгадаўся Эвірын круглы абразок…