Читать «Нямко» онлайн - страница 14

Алесь Адамовіч

Франц сваім склюдам насек, нарыхтаваў для ўсіх яловага гольля, наламаў бярозавага сучча, што пахла ўжо вясной, сокам, — на чым спаць. У Паліны і старой агульнае ложа пад шырокай яблыняй. У Франца — сваё, наводшыбе. Але які там сон, халодна начамі і наогуЛ ня сьпіцца. Старая сабрала побліз нейкія абгарэлыя, з брыдкім пахам палавікі, радно. Каб было чым акрыцца.

А раніцой Паліна раптам пачула: птушкі пяюць! I ўсе гэтыя дні, мабыць, гучалі іх галасы.

— А дзе мы яго схаваем? — спытала Кучарыха, якая таксама ня спала.

— Няхай ідзе, адкуль прыйшоў! Што яму тут рабіць?

— Хто ж яго, дачушка, прыме? Ня іхны і ня наш. Прыйдуць партызаны, і таксама невядома, як на яго паглядзяць.

— Я і кажу. Зьявяцца героі. Калі адны вугольчыкі ад людзей засталіся. Як жа, немца ў палон узялі!

— Ці жывы Паўлік, бацька? О Божа сьвяты!

Над шэптам людзей — птушыны разгай. Іх дом — сады, падлесак бярозавы — цэлы. Даюць знаць, што яны ёсьць, жывуць, цэламу сьвету, не баючыся. Ш-ікаюць пеначкі, бы стракозы, сквірчаць шпакі, на ўзьлеску (першы раз сёлета) паспрабавала свой голас зязюля, Паліна толькі пачала лічыць — тая падлік абарвала.

Паліна паглядзела ў той бок, дзе пад старой парэпанай ігрушай сьпіць немец: падцягнуў ледзь не да падбародзьдзя калені, акрыўся брудным палавіком — як у мамкі ў гасьцях. Хто цяпер адзінокі ў гэтым сьвеце, дык гэта ён. Паліне ў цяжар, мука, як асуджана Франц ходзіць за ёю, як глядзіць, але з сабой нічога парабіць ня можа: як выйшлі на сьвет, як пабачыла апусьцелую вёску, быццам у ёй нешта замкнула. Ня можа яго ні бачыць, ні чуць.

А тут нешта ў ёй здрыганулася, як абарвалася: зацеплілася шкадоба да гэтага, страшна сказаць, немца. Тут жа вырашыла: трэба яго пераапрануць, выкінуць, схаваць усю конскую збрую, што на ім, гэты ненавісны мундзір. У хованцы, там, у скрынках, схаваныя бацькавы і брата старыя апраткі, бялізна. Хаця цяжк а будзе падабраць пад гэтую каланчу, да бязглузда доўгіх рук і ног нешта вартае.

Пераапрананьне ажыцьцёўлена было тут жа, яшчэ бульбу Кучарыха не пасьпела зварыць. ІПтаны і пінжак, некалі купленыя ў сельпо, даўно страцілі фабрычны колер, ну, а кашуля, бялізна — наогул саматканыя. I сьвітка на ім — таксама з рудога самаробнага палатна. На ногі Паліна не знайшла нічога. Няхай застаюцца на ім нямецкія боты, іх цяпер і партызаны носяць, Затое бялізну адшукала новенькую, з свайго палатна. Так, шорсткае, ня так яго адбельвалі раней, да вайны, затое неапрананае. (Колькі яно пакут пасьля прынясе беднаму Францу, не здагадвалася.)

Франц схаваўся ў яшчэ бязьлістыя кусты і там пераапранаецца. Час ад часу радасна паказвае, што зьняў зь сябе і што апранае. Паказаў рэмень з усёй салдацкай аснасткай, дыскамі аўтаматнымі, з круглым карабком супрацьгазу. Паліна махае рукой: кінь і гэта! Калі свайго жыцьця не шкада, гэтага не шкадуй.

Вярнуўся з кустоў зусім іншы Франц. Хоць ты зь ім на петухоўскую вечарынку ідзі. Не, вядома, не на вечарынку ў гэтых караўках, хутчэй на калгасны сход ці ў абору. Але гэта тое, што трэба, — зноў жа калі жыць хочаш. Немец сумленна паказаў: круглую гранату ён сабе пакідае. Паднёс да ўсьмешлівага твару і прадэманстраваў, як ён адкруціць блакітную галоўку гранаты, як пацягне за яе і… Рукой, пальцамі зьмяў свой твар, як памідор. I растлумачыў: