Читать «Шабаны» онлайн - страница 5

Альгерд Бахарэвіч

Цягнік паволі браў разгон. Яны павярнулі да тамбуру, затупалі, хапаючыся за шурпатыя сьцены. Дзьверы вагона рытмічна грукалі, падскоквалі на падлозе бутэлечныя шкельцы. Праз каламутнае шкло дзьвярэй у тамбуры яны бачылі, як міма праплываюць дом Сала, дом Роша, дом Бэна, дом Ёна, які жыў найбліжэй ад шашы. Цягнік з намаляванымі крэйдай арламі і свастыкамі, зь нянаскімі літарамі і чатырохзначнымі нумарамі прамінаў рэдкі лясок, у якім пакаленьні шабаноў гулялі ў вайну. Сотні хлопчыкаў ляжалі там на моху, строга пазіраючы ў нізкае неба, марачы пра санітарак. Лясок усё радзеў; марудна, урачыста, рыхтык чайка, праплыў чорны «Масквіч» на ўзгорку, з задранай пысай. Сал скочыў першы — і нават здолеў прызямліцца на ногі, праўда, потым паваліўся, як гумовы гімнаст. Рош высунуў галаву — і адхіснуўся, схапіўшыся за ліпучыя парэнчы. Тады з-за ягонай сьпіны вылез Бэн — і пакаціўся па насыпе, галавой у чорныя хмызы. За ім скочыў Ён, упаўшы дужа няўдала — на азадак, у такой блізіні ад колаў, што Рошу падалося, нібы цягнік у апошні момант адштурхнуў Ёна сваім жалезным локцем, якім пракладваў сабе шлях наперад. Рош зноў высунуўся, выцягнуўшы шыю, каб зірнуць назад. Бэн, Ён і Сал стаялі каля насыпу, як прыдарожныя слупкі, галовы павернутыя ў адзін бок, нібы паказваючы цягніку кірунак. Рош яшчэ трохі паглядзеў на тое, што адбываецца ўнізе — а там мільгалі мокрыя чорныя і белыя каменьчыкі, падобныя на насыпаныя ў кучкі зьбітыя шахматныя фігуры, і час ад часу рваліся ўверх, прагнучы дастаць калі не галаву, то хаця б ногі Роша, нейкія лаўровыя вянкі. Рош пастаяў яшчэ трохі, уважліва вывучаючы складзены са стракатых прастакутнікаў краявід, і зачыніў дзьверы.

Дайце зараз я вас пацалую. Куды б я ні паехаў, куды б ні паляцеў, Шабаны сустракаліся мне па ўсім кантынэнце. У Бэрліне й Любляне, у Празе і Кёльне, у Львове і Парыжы, у Варшаве і Гамбургу, у Брусэлі і Рыме, у Грацы і Вільні я бачыў іх, яны паказваліся не адразу, паволі выпаўзаючы з-за сярэднявечных пабудоваў, з-за ўсіх гэтых замкаў і палацаў, цэркваў і фартэцый, заводаў і аэрапортаў, гатэляў і мастоў, з-за чыгункі, па якой ад мяне ўцякаў чарговы горад. Гэта цяпер Шабаны азначаюць перамогу над дыктатурай прасторы, тады яны значылі капітуляцыю перад стыхіяй, абдымкі ўсемагутнай лавіны зь вераю ў легендарнага сэнбэрнара. Той, хто трыццаць гадоў таму скідваў бомбы на шабаны, пэўне ж, праклінаў іхную хаатычную забудову ў ранішнім тумане, якая зь яе такой недвухсэнсоўнай вышынёй тым ня менш заўжды імкнецца пазбавіцца, адмовіцца ад адказнасьці — у шабанах цяжка вызначыць, які з аб’ектаў мае стратэгічнае значэньне, а які не, і лётчык, зрабіўшы колькі колаў, з лаянкай скідвае свой груз проста ў катлаван, у жоўтую ваду, у адлюстраваньне шабаноў, у іхнае люстэрка, якое толькі на імгненьне скалыхнецца і адразу ж супакоіцца. Шабаны немагчыма згвалціць, бо ніводзін гвалтаўнік ня знойдзе ў іх ні похвы, ні рота, ні ануса, нічога такога, што можна было прыняць за схоў; шабаны немагчыма апаганіць, бо як можна апаганіць люстэрка.