Читать «Шабаны» онлайн - страница 7
Альгерд Бахарэвіч
«Як там, да ветру хадзіць ня мокра?» — запытаўся ў правадніцы, усьміхнуўшыся, адзін з мужчын і падняўся. На ім адзіным быў пінжак, астатнія былі ў нейкіх шэрых сырых куртках.
«Вось», — прамовіла правадніца, паказала на Роша, адпусьціла яго і пляснулася на драўляную лаву.
«Давай сядай, — сказаў мужчына, які сядзеў каля акна. — Вып’еш з намі?»
«Ты што? Ён малы яшчэ», — сказала правадніца, кульнула кілішак і адрэзала сабе каўбасы, паклаўшы на калені тоўстую кардонную тэчку. Вочы яе сталі яшчэ дабрэйшыя, чым былі.
«Які твар у яго… — сказаў трэці мужчына, з барадою. — Дзіўны. Такія твары на дарозе не валяюцца. Слухай… Гэта ж тое, што трэба. Гэта ж… Гэта ж тое, што мы шукалі. Бля буду, тое».
«Ага. І маўчыць, як партызан», — сказаў той, што ў пінжаку, і пайшоў да тамбуру.
«Акурат партызаны нам і трэба. А гаварыць — як што, агучым, — сказаў барадаты. — Навошта гаварыць. Мне твар… Твар трэба… Менавіта такі. Я ў такіх рэчах спэц».
«Гэта точна, — адгукнуўся той, што сядзеў каля акна. — Дай каўбаскі, Жэнь. А хлопчык… ён таго — ён нармальны вабшчэ? А то нешта я за яго баюся».
«Ды нармальны, нармальны, — сказала правадніца. — Я ў яго спытала, як завуць, сказаў — Росьцік».
«Ты, Росьцік, ня бойся, калі што, — сказаў барадаты. — Мы цябе ня кінем, як на вакзале спынімся, маме патэлефануем, скажам, што ўсё ў парадку. І яшчэ камусьці патэлефануем. Аднаму добраму чалавеку, каб ён здох. Так што школа там і ўсё-такое — ты забудзь… Не хвалюйся, у сэньсе. Напішаш толькі нам сваё прозьвішча — і ўсё. Але папрацаваць давядзецца, гэта так, гэта не бяз гэтага…»
Нейкі час яны ехалі моўчкі. Рош зь цікавасьцю глядзеў у акно. Шабаны даўно скончыліся; па абодва бакі чыгункі быў лес, але неўзабаве і ён неяк згарнуўся і здрабнеў, зь лесу вырас белы мур, які размотваўся перад вачыма доўга, нібы рулён паперы. З другога боку было поле, пляскатае і чорнае. На такім Роша летась упершыню ў жыцьці прымусілі зьбіраць бульбу.
«Нашая гоп-кампанія на трох машынах да раніцы да месца не даедзе», — пазяхнуў той, які сядзеў каля акна. Усе астатнія таксама пачалі пазяхаць.
«Зразумела, што мы першыя будзем».
«Нічога, парэпэтуем якраз, — сказаў барадаты, які ня зводзіў вачэй з Рошавага твару. — Вось дык удача. Я галаву ламаю, дзе ўзяць, а яно само прыйшло. Пачуў бог мае малітвы, прасьці мяне юнацтва маё камсамольскае. Парэпэтуем, а, Росьцік? Расьціслаў? Як па бацьку цябе, га?»
«А ён наогул уцяміў ужо, хто мы? — спытаў той, што ля акна. — Жэнь, ты яму сказала?»
«Ня памятаю, — сказала правадніца, робячы Рошу бутэрброд. — На, ты ж галодны, Росьцік».
«Мы кіно здымаем, — сказаў той, што каля акна, і ў голасе ягоным нешта не пачулася ніякай гордасьці. — Ага. Кіно».
«Пра вайну і немцаў», — падаў голас мужчына ў пінжаку, які толькі што вярнуўся ў купэ.
«Ну і ня толькі, — сказаў барадаты. — Ты кіно глядзіш? Глядзіш, куды ты дзенешся. Дык вось, я рэжысёр, Алесь Іванавіч. А гэта…»
«Сал», — сказаў Рош, жуючы бутэрброд.
«А ты ведаеш, што такое кіно? — нахіліўся да Росьціка той, што сядзеў ля акна, і галава яго завісла над каленямі правадніцы. — Ведаеш? Ні хуя ты ня ведаеш, малы, што такое кіно…»