Читать «Шабаны» онлайн - страница 3
Альгерд Бахарэвіч
Дарэчы, кантон Шабанэ даў у свой час назву самаму знакамітаму парыскаму публічнаму дому. І вуліцы, на якой той дом стаіць: 12 Rue Chabanais. Бардэль праіснаваў з 1878 па 1946 год, калі ўсе публічныя дамы ў Францыі былі зачыненыя. Заснавала яго ірляндка Мадам Келі, а стартавы капітал, кажуць, склаў каля двух мільёнаў франкаў. Сярод заўсёднікаў Le Chabanais былі Мапасан, ТулюзЛятрэк, які падарыў бардэлю шаснаццаць палотнаў, і будучы брытанскі кароль Эдвард VІІ, для якога тут нават быў абсталяваны асобны пакой — меднае бідэ з таго пакою набыў Сальвадор Далі, калі стаў багаты і знакаміты. Цяпер у будынку шматкватэрны дом, а ў доме — музэй бардэлю. У яго і сайт ёсьць, як, зрэшты, і ў Шабаноў Менскіх: а ў каго цяпер няма сайту, нават нябожчыкі і яшчэ ненароджаныя дзеці маюць уласныя інтэрнэт-старонкі. А яшчэ пафранцуску «chaban» — не хто іншы, як чабан. Што праўда, археалягічныя раскопкі ня выявілі ў нетрах шабаноўскай зямлі ні авечак, ні сабак, ні бурак, ні бурэкаў, ні буркатлівых горных рэчак — адны буракі.
Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую. О, як бы я хацеў мець іншае мінулае, іншую маладосьць. Нарадзіцца ў мястэчку, назва якога пачыналася б на Бад-. Ці сканчалася б: нарадзіцца мінулым летам у Марыенбадзе. Жыць з бацькамі ў сьціплай віле, побач з Томі і Анікай. Хадзіць у госьці, не баяцца, атрымліваць на Каляды ровар, ведаць на памяць малітвы, а не заклёны. Вучыць тое, да чаго ляжыць душа, а ня тое, ад чаго яна толькі ляжыць пластом. Вандраваць. За цябе ўсё ўжо зрабілі — раскашуй, крытыкуй, ганарыся прыналежнасьцю. Libertatem quam peperere maiores digne studeat servare posteritas. Што здабылі продкі, хай з гонарам нясуць нашчадкі. Мець столькі свабоды, каб несвабода вабіла, нібы страшная казка перад сном. Глядзець на вас вялікімі вачыма і паўтараць з павагай: «О шайсэ!..» Выконваць законы, не заўважаючы гэтага. Лічыць, што Шабаны — сталіца Сібіры. Жыць там, дзе можна паразумецца бяз слоўніка, ня ведаць асабіста ні Яфэта, ні Эзопа. Каб ня быць асуджаным зноў і зноў апісваць гэты катлаван, гэтых тапельцаў, гэтую чыгунку. Не, такое мінулае таксама можна прадаць, хто спрачаецца — але ці ня лепш быць пакупніком?