Читать «Каласы» онлайн - страница 2

Кастусь Цвірка

Маім землякам Пеў ранак.                 Ліп прывулічных сям'я Паціху ліст пад ногі церушыла. Птах пакідаў гняздо.                 Быў гэтым птахам я. Пара, пара:                 цягнулі ў вырай крылы! Былі са мной                 усе мае гады, Якія тут, па ржэўніку ды стружках, Прабеглі па чарзе                 i назаўжды Застылі ў сцежках,                 нібы ў кінастужках. Крані —                 i загайдаюцца ў двары Арэлі ў памяці, як на экране, Ад нашых пятак                 жарабкі з гары Рвануцца —                 не ўтрымаеш на аркане... Ды не пра гэта думалася мне. Калі далей ад нашай хаты крочыў, Усё выразней чуў я на спіне Задуманыя                 мацерыны вочы. . . . . . . . . . . . Згарала ноч на свеце без пары, І сон дашчэнту кулямёты рвалі. Віселі скрозь                 пажараў ліхтары, I кулі                 калыханкі нам спявалі. Мы ў вёсачцы — балотным астраўку,— Нібы зайцы загнаныя,                 сядзелі. Між іскраў,                 сполахаў,                 між гэтых куль Жылі пад зорамі                 адной надзеяй. Ішла вясна тым часам з балатоў, Усё да зерня вымеўшы з каморкі. Было ж у маці —                 нашых пяць ратоў, Якім                 так абяцанкі ўсе агорклі! Адна ў пас мара шчырая была: Знайсці б дзе хлеба чэрствага —                 хоць трошкі. Малыя пальчыкі з пазоў стала Даўно павыкалуплівалі крошкі. На ўслоне дзежка, што карміла нас, Даўно ўжо закарэла, нібы камень, І мы дарэмна — у каторы раз! — Глядзелі ў печ                 галоднымі вачамі. Усё немец выбраў — яйка, млека, шпэк, Усё выграб прагавітай пяцярнёю. Як у сваё, ён лазіў у засек, Пакінуўшы нам                 сцены з парахнёю. За тое, што усё ж вясной крутой Мы не папухлі,                 дзякуй табе, шчаўе! Уратавала нас                 ты з «пышкай» той, Што ў полі мы знаходзілі,                 як шчасце! I вось                 (якраз у шчаўі мы былі) Данёс «ура!»                 нам вецер да балотца. О як мы беглі —                 па раллі, галлі — Да зорачкі,                 што ззяла на пілотцы! Мы аж не верылі,                 што ўжо i след Прастыў той немчуры                 i што шырока Перад вачамі расхінула свет Маленечкая зорачка                 навокал. А скрозь яшчэ гарэнілі дымы, На печышчах садзіліся вароны. І доўга выздараўлівалі мы Ад той вайны —                 жахлівейшай хваробы. Хоць зарабляла маці працадні, Хоць на жніве да вечара пацела. Ды толькі замест хлеба                 дзень пры дні Нам палачкі насіла на паперы. Мы тыя палачкі                 і так, і сяк Круцілі                 i, хоць ад бясхлеб'я млелі, Ды што не прыдумлялі,                 аніяк Ix, выбачайце,                 есці ўсё ж не ўмелі. Шукалі мы па ржышчы каласка, Альбо,                 сабраўшы малачаю горку, Зноў — кожны дзень — чакалі малака Ад цёлкі,                 што падбрыквала ў падворку. Зноў суцяшала маці нас дарма I ўсё, што здабывала дзе знячэўку, Заўжды нам аддавала,                 а сама Хадзіла так —                 аж высахла ўся ў шчэпку. I вось у хмарах заяснела сінь, Ад дум не спала маці:                 ёй у горы Нарэшце помач будзе —                 большы сын Сягоння едзе па навуку ў горад. . . . . . . . . . . З пафарбаванай торбай за спіной, У новых зрэбных портках пакачаных Ішоў я нашай вулкай травяной Ад гэтых нізкіх хат                 у свет нязнаны. Глядзелі ўслед мне стрэхі i платы, Глядзелі моўчкі                 нашай хаты вокны (Як сёння, бачу там я збан пусты), Глядзелі,                 як самой надзеі вочы. Шаптаў я клятву шчырую сабе Надзею маткі спраўдзіць                 i прывезці Ёй са стыпендыі які рубель — Хоць раз як след сястрычкам бы пад'есці. Я кляўся й вам аддзячыць, землякі, За вашу — хай зусім скупую — помач, За тое,                 што заўсёды ў час цяжкі Былі вы —                 ca сваёй спагадай —                 побач. Асіраціла многіх нас вайна. Я помню твар суседскае дзяўчынкі, Што нават быў блядней ад палатна, I ручкі яе —                 нібы чарацінкі... . . . . . . . . . . Прамчала ў зоры чарада гадоў, Знайшоў я хлеб, займеў імя паэта, Ды толькі мой, з маленства ўзяты, доўг Застаўся неаплочаным                 дагэтуль. Ён сёння нават большы, як калі. Усім, што ёсць,                 i ўсім, што яшчэ будзе, Я абавязан маці i зямлі I вам, вяскоўцы,—                 вечнай працы людзі. Нібы з зямлі, вы ў гэты свет ішлі, I — у сваёй глушэчы —                 толькі й зналі, Што рвалі пні,                 уходжвалі палі, Аралі,                 сеялі,                 палолі,                 жалі. Не бачылі вы й свету прад сабой: Еў пот вам вочы,                 пёк сляпень ахвоча, Ды ў поле зноў ішлі —                 з кляцьбой, з мальбой — Ад веку ў век,                 ад ночы i да ночы. Вас, ціхіх, вас, даверлівых, сляпых, Заўсёды толькі ёрмы i чакалі, Шмат ездзіў хто па вас — цярпі, цярпі! — I ўсюды пасвіў вас бізун                 вякамі. Вы моўчкі неслі сваю скаргу ў дол — Мой край,                 ты быў, як камень, безгалосы. Скрыпелі толькі сохі навакол, Званілі толькі ў балацінах косы. Ступіў цяпер век іншы да сяла — Даўно струхнелі сохі,                 i прасторы Ад краю i да краю заняла Сягоння песня новая —                 маторы. Ёсць хлеб у вас — яго вам даў не бог! Ды жывяце вы ўжо                 не толькі хлебам. Вам трэба песня,                 шырыня дарог Ды вольнае, без бамбавозаў неба... Да вас, ледзь хвіля вольная,                 бягуць Мае сцяжыны —                 жытам, верасамі. Як хораша ізноў тут сэрцам чуць Мне вашу мову —                 простую, як самі. Прысяду каля цётак i дзядзькоў — Пальецца рэчкай вольнаю гаворка. Усё, што на душы ў землякоў, Вазьму да сэрца —                 горка ці не горка. I тое, што ў Падзерах паплавы Ўзараны «Сельгастэхнікай» не ўзорна, I што ад хіміі,                 замест травы, Пчол гіне цьма —                 «унь ля вуллёў аж чорна», Я слова кожнае злавіць спяшу, Каб знаць, вяскоўцы, клопат ваш i жыцце. Той клопат — ён i мой,                 i я прашу: Кажыце мне пра ўсё, як ёсць,                 кажыце. Запомню ўсё, нічога не міну: Праслаўлю дзень наш — сонечную                 птушку, A раўнадушша, подласць i ману Вазьму я на пяро,                 нібы на мушку. Для праўды чыстай, што без пазалот, Я адчыню ў радках шырока дзверы. Адно мне трэба:                 думак вашых лёт Адбіць, як ёсць, вяскоўцы,                 на паперы. Любое мае слова, кожны зык — Усё ад вас                 i ў вашу абарону. Я — гэта ваша мова, ваш язык, Нягучны хай,                 ды верны вам                 да скону.