Читать «Сцежка дадому» онлайн - страница 3

Кастусь Цвірка

* Нідзе не была ў свеце Адэля, цягніка не бачыла нават — Тут, у сяле, ішоў яе век: на тым унь грудку за канавай. Як дрэва, на месцы адным расла і старэла ў дзён завірусе. Тут, у тумане, ... усе яе вёсны — як гусі. Цэлы век свой Адэля толькі і знала, што ў зямлі гэтай корпалася: садзіла, палола, жала. Як пчала, шчыравала ад рання да цёмначы, рукамі сваімі парэпанымі хлеб здабывала надзённы. Так, не была яна ў свеце, ды толькі хлеб яе гэты, Як жывы, абышоў мо паўсвету. Так, мала хто ведаў Адэлю, (а сёй-той нават знацца б з ёй грэбаваў), А вось хлеб яе добра ўсе ведалі, ніхто яго ад сябе не адгрэбваў. На хлебе Адэліным тым і раслі і вышыні свае бралі мантажнікі і высотнікі, акадэмікі і адміралы. Утрымліваліся на ім, працуючы бесперабойна, міністэрствы і ведамствы, фабрыкі і філармоніі. Хадзілі станкі ўверх-уніз з ляскам — Адэлін хлеб, Пісалі ракеты космасу казку — Адэлін хлеб. Як пупышка вясной, На Адэліным хлебе развівалася — пад гром авацый — Цывілізацыя. Калі, звар'яцеўшы, круціў пад небам віхар вайны пякельны, I тады не сышла з бацькоўскай зямлі (утрымалася неяк!) Адэля. Не, не была партызанкай Адэля, але без Адэлі Што б яны, партызаны, елі? Усе брыгады, усе злучэнні (якія пра іх складаюць паданні!) Былі на яе ўтрыманні. А пасля вызвалення яна з тых жорсткіх руінаў Уздымала з усімі краіну. Недаядала сама, ды на хлебе сваім дзяржала Адэля дзяржаву. * Жанчыны зямлі нашай! Краю ўсяго гераіні! Складаць бы пра кожную з вас паэмы ды гімны! Хай ганаровых званняў не шмат хто з вас удастоены, Ды ўзнагарод найвысокіх усе вы дастойныя! Каб усіх вас, як трэба, адзначыць, каб выдаць усе, што вы заслужылі, медалі, У зямлі б не хапіла, напэўна, металу! Толькі нашто вам медалі? Не думалі вы пра славу: Рабілі — і ўсё — сваю будзённую справу. Найлепшая з узнагарод для вас (скажаце ўсе вы пра тое): Добрае слова людское. * Дажываюць свой век жанчыны нялёгкае долі, Даручыўшы работу сваю трактарам ды камбайнам у полі. Самі ж на градках капаюцца ці — да пенсіі сціплай даробак — Падмятаюць вуліцы ў горадзе, выстойваюць у гардэробах. Убачыш іх — пакланіся, з павагаю распытай пра вялікі іх шлях за плячыма, што супадаў са шляхам цэлага краю Яны — гісторыя наша жывая. * * * Зграбаем сена. Па купінах бегаюць граблі, Збіраюць — у копы, у копы — Чэрвень чмяліны між грабамі. Вал зялёнага сушава Качаем па галіне колкай (Эх, лезуць за шыю сяніны, Шчыкочуць пад ліпкай саколкай!). Між частай асочкі-кусачкі Мільгаюць дзятлавіны галоўкі, Бліскае сподам ліста падбел, Маркоўнік выпнуўся ломкі. I ўсё гэта — граблямі, граблямі — У пераборы (Ну ж і дзякаваць будзе зімою — за лета падараванае — Падласка ў аборы!). Што? Сонца за гай завярнула? Не, хай пачакаюць смажэнікі ў печы! Даграбём! Чым на дажджах мокнуць сену, Лепш яшчэ памакрэюць хай плечы!