Читать «Сцежка дадому» онлайн - страница 2

Кастусь Цвірка

ПРА СТАРУЮ АДЭЛЮ На душы ў яе сёння — нядзеля: Ладзіць градкі старая Адэля. Пускае ў разорку з пальцаў, як жывое, насенне — Буракоў ды гуркоў сем'і. А казала ж мне ўвосень (сядзела з кійком яна каля хаткі), Што не трэба ўжо будуць ёй градкі. З усім яна разлічылася тут, на свеце — Работу ўсю парабіла, дарогу дала дзецям. Цяпер аж самой няёмка — ад яе ж ніякага толку: Хлеб пераводзіць толькі. Даўно сабралася ў найдальнюю Адэля дарогу: Восем дзесяткаў на свеце — ні мала, ні многа. У куфры ўсё ўжо да смерці ў Адэлі падрыхтавана: I сарочка, і андарак, і хуста, і грошы на пахаванне. Толькі смерць затрымалася нешта за небасхілам — Зноў не прыйшла па Адэлю, зноў на яе забыла. Зноў, нібы падарунак — вясна ля прыселля... Ладзіць градкі старая Адэля. Раўняе граблямі іх, разоркі значыць рукою, Як і гэта зямля, счарнелай такою.