Читать «Сцежка дадому» онлайн

Кастусь Цвірка

Кастусь Цвірка

Сцежка дадому

Вершы

1

* * * Каташкі на вольхах, каташкі... Нібы залатымі кутаскамі, Зноў паабчапляліся ляскі Ля маёй Дубровы каташкамі. Край бацькоўскі! Я ізноў жыву! Тыя ж хмаркі белыя ў блакіце, Так жа каня падае ў траву, I жаўцее лотаць у ракіце. Ля дарогі рупны трактарок Ходзіць полем з жаваранкам спеўным. Там — пастух ля статка: хто — здалёк Не пазнаць, ды ён дуброўскі ж, пэўна. Падыду да дзядзькі. Пастаім Ля дымка ягонай папяроскі. Як вядзецца, пагамонім з ім Пра жыццё, пра ўсе навіны вёскі. Я не госць тут. Тут — мая зямля. I свой край я не аддам нікому! Забрыду за свет хай, ды й здаля Сцежка прывядзе мяне дадому. Азярко сінее між куп'я, Устае зара — зямлі карона — Над вясёлым жытам. Я тут — я. Тут мае і карані і крона. * * * Ізноў я прачынаюся на сене... Ка мне ў адрыну, дзе сонца напрацягвала праз шчыт ружовых паскаў, Збягаюцца ўсе гукі раніцы. Вось бразнула вядро ля студні і журавель свой рып пацёг уніз, пасля ізноў уверсе расскрыпеўся... Залапатаў на прыгуменні Віцеў трактарок — нядарам жа празвалі яго дзеці «лапатунчык» малы, а гуку — на ўсю акругу... З двара шафера Ромы (вясной ён жонку яснавокую прывёз з-над Слуцка) Рассыпаўся сярэбраным пясочкам грудны і звонкі голас: «Ціп-ціп-ціп!» Тут нашы рыпнулі варотцы: «Цётка Надзя!! — голас брыгадзіркі.— Пойдзеце наранкі на сянаж!» (Так, гэта — мацеры нарад: сягоння за яе Я з віламі пайду раўняць зялёны бурт.) Праз дзірку ў даху ластавачка пырхнула (не, я яго перасцялю ўсё ж руберойдам за водпуск), Залопаў крыллем певень за сцяною, цялё рыкнула недзе... Бягуць, бягуць, крыжуючыся, гукі (ну, хоць збірай іх у гербарый, засушваючы на паперы ў літары Цяпер ізноў усе яны — мае: Я — дома. * * * Радзіма... Маленства тупкія сцежачкі Пад белым крылом туманаў (То з лісцем клейкім трыпутніку, што так лагодна халодзіць ногі, То з чабарком-чубарком, які да санцаўсходу яшчэ заняўся наўкол сінявата-ружовым агнём, То з мохам лясным зелянцовым, абсыпаным рыжым шыпульнікам-гліцай і паабкіданым жывымі ўзорамі сонца, То з нізенькай дзятлавінкай белагаловай — як прыпадаў да яе некалі наш Гнедка, якога бацька даваў мне адвесці на луг, То з верасам, што так прутка шлёгае аб калашыну квяцістай галінкай-мяцёлкай з ублытанай там пчалой, То з куп'істым сіўцом, што тапырыцца ўвосень рыжкамі — як голыя птушаняты, тояцца там яны). Радзіма... На камяністым падзоле скупым Тут бацька шчасця шукаў. Уставала яно — часцей у сне, чым наяве — Жытам сцяблістым (як у сабор, страшнавата ў яго ўвайсці), Грэчкай кусцістаю, шумнай (ляж між чырванаватых сцяблін у звоне пчаліным і дыхай на поўныя грудзі дзіўным дарам зямлі), Грымучым гарохам (ён так і страляе, сухі, калі месціш яго ў драбіны), Вастравусым ячменем, Аўсом. Бульбы чырвонымі горкамі. Гадуючы шчасце сваё, заўсёды браў сабе бацька ў памочнікі соцна і вецер. Радзіма... Кузаў галасу і смеху Вязе грузавік праз сяло — едуць вяскоўцы на сена. На хаду ўхапіўшыся чэпка за борт, да іх перакідваюся і я. Як журкатлівая рэчка, мне проста ў сэрца цячэ наша, такая знаёмая змалку, мова. Чуецца ў ёй мне ручая прыдарожнага булькат, ветру пошум у бэзавым лісці ды — пад шляхамі белых аблокаў — каласоў несціханыя руны... Радзіма... За беразнячком акалічным (якія там мясцінкі грыбныя!) наліваецца чырванню новы дзень. Першым пачуў яго агнякрылы дваровы пявун: выціснуўся з куратніка, пацягнуўся, адставіўшы ўбок адну, потым другую нагу, і з шумам ускочыў на засаўкі — свету ўсяму паведаць хутчэй радасць... З поля ідуць каровы — паважна, ківаючы ўверх-уніз галовамі, нясуць дамоў сырадою поўныя вымі; сустракаюць іх гаспадыні каля варот разам з малымі ўнукамі-гараджанамі, што ўжо здалёк пазнаюць «сваю» Сыботу ці Краску... Чую гоман на вуліцы — гэта кіёчак вывеў з двара старую Грышчыху: сагнутая ў крук (што ж, за работай спіны не разгінала век), ідзе-валюхаецца яна — ніжай платоў,— даганяючы рабую свінню, і ўсё нешта гаворыць-гаворыць... Разварочваецца ля нашых акон, шаляснуўшы па адвіслым голлі вяза (хаця ж бы не вывернуў шула ў варотах), аграмадзіна камбайн. Гляджу: у кабіне... Адамішын Вова! А здаецца ж, учора бегаў ён тут, па вуліцы, босы (ногі — хоць рэпу сей), ганяючы драцяным прутом кацёлку — іржавы абручык з вобада... Радзіма...