Читать «Пугачоўскі цырульнік» онлайн - страница 5
Віктар Шніп
9.06.2009. Мне з «ЛіМа» вярнулі пазычаны фотаздымак Яўгена Крупенькі. Імя для творчай моладзі зусім не вядомае. А прайшло ж пасля смерці паэта толькі гадоў пятнаццаць! І дзе сёння тыя ўдзячныя вучні, якія хадзілі да Яўгена Мікалаевіча як да літкансультанта «Чырвонай змены», пры якой працавала літаб’яднанне «Крыніцы»? Няўжо таксама памерлі? Не! Жывуць! Працуюць! Друкуюцца! Кожны думае пра сябе! А быў жа пры жыцці Крупенька не самым апошнім у літаратуры! Ды не адзін Яўген Крупенька амаль забыты! Анатоль Вялюгін, Аляксей Русецкі, Пятрусь Макаль... І ці не такі чакае лёс многіх сённяшніх творцаў, што адзін аднаго запісалі ў класікі?.. «Такі…» — кожны, хто паўторыць гэтае слова, падумае пра іншых і ні ў якім разе пра сябе…
10.06.2009. Коэльё, Муракамі, Кундэра... Літаратура для масавага чытача. Віно, шампанскае, гарэлка... Пітво для шумнага застолля. І першае, і другое прыносіць задавальненне. Але хто адважыцца паставіць знак роўнасці паміж літаратурнай творчасцю і пітвом? Відаць, толькі масавы чытач і п’яніцы, якія даўно нічога не чыталі...
10.06.2009. Нарэшце цёпла. Навокал — тапалёвы пух, нібыта пачалася чэрвеньская завея. І ў нас на працы на дзявятым паверсе калідор, як дарога, замеценая снегам...
* * *
10.6.2009. Жанчына, якая спазнілася на аэробус, што пацярпеў катастрофу над Атлантыкай у дзень, калі памерла апошняя пасажырка «Тытаніка», сёння загінула ў аўтакатастрофе. Выпадкова, ці гэта затанулы «Тытанік» збірае пасажыраў?
11.06.2009. У мяне на камп’ютары запісана песня «Не шукай...» у выкананні Данчыка. Калі бывае дрэнны настрой або проста сумна, я слухаю гэтую цудоўную песню: «Не шукай ты мяне каля жытніх палёў, не шукай, не шукай... Калі к сэрцу майму ты дарог не знайшоў, не шукай, не шукай... Не кажы ты мне слоў, што не грэюць цяплом, не кажы, не кажы... Калі сэрца тваё не палае вагнём, не кажы, не кажы...» І я адразу весялею, і мне хочацца жыць, любіць, кахаць, піць віно, спяваць і плакаць...
12.06.2009. Каля піўбара маладая жанчына гучна адчытвае падпітага мужа: «Апошні раз кажу! Каб болей не піў! І нават каб паху не было!» Мужчына не агрызаецца, а, як малое дзіця, якое толькі што было злоўлена за шкодніцтвам, глядзіць, нервова міргаючы, на жонку. І калі я праходзіў міма, мужчына павярнуў галаву да мяне, і ў яго вачах я прачытаў: «Не вінаваты я!»