Читать «Пугачоўскі цырульнік» онлайн - страница 7

Віктар Шніп

Вышыванка і Барадулін

17.06.2009. Да мяне ў рэдакцыю зайшоў Алесь Камоцкі. Пагаварыўшы пра сваіх бацькоў, прыгадалі Рыгора Барадуліна. Ён цяпер ва Ушачах. Яму там добра. Гады два таму Рыгор Іванавіч часта гаварыў пра сваю смерць, думаў пра тое, як ён і ў чым будзе ляжаць у труне. Хацелася яму быць у вышыванцы, і Алесь расстараўся, каб Рыгору Іванавічу яе пашылі. Пасля таго, як з’явілася ў Паэта вышыванка, ён перастаў гаварыць пра сваю смерць. «А дзе Рыгор Іванавіч хоча, каб яго пахавалі?» — пытаюся ў Алеся. «Ніякіх варыянтаў. Толькі побач з маці»,— адказвае суразмоўца, і я пагаджаюся з выбарам Паэта і ўспамінаю яго радкі: «Трэба дома бываць часцей! Трэба дома бываць не госцем!..»

Пацюпа і Тарас на Парнасе

17.06.2009. Юрась Пацюпа цяпер у сваіх Азёрах. Піша каментары да «Тараса на Парнасе». Тэлефаную, каб прыспешыць справу, бо час ужо кніжку здаваць у друкарню. Падымае трубку Юрасёва маці, і пакуль яна яго кліча, я ўяўляю Пацюпу, які ў шортах колеру хакі сядзіць у скураным фатэлі за дыхтоўным пісьмовым сталом і п’е каву з каньяком... Крыху ахрыплы голас самога Пацюпы вяртае мяне ў рэальны свет...

* * *

17.06.2009. Язэп Янушкевіч зноў з’ехаў у Польшчу. І цяпер мы не можам з ім скантактавацца, каб зняць пытанні ў яго прадмове да факсімільнага выдання «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Аднак справа на месцы не стаіць, як і не стаяла, калі рыхтавалі двухтомны Збор твораў Дуніна­Марцінкевіча, да якога пісаў каментары Язэп Язэпавіч. Пісаў так доўга, што часам здавалася, нібы піша сам пра свае творы стары Дунін­Марцінкевіч, а Янушкевіч стаіць над яго душой і чакае гатовага матэрыялу...

Рexeso

18.06.2009. Нядаўна выдалі кнігу «Мінск: падарожжа па горадзе», вокладка якой зроблена ў форме гульні, вядомай у Еўропе пад назвай pexeso. Квадраты з карцінкамі­выявамі знакамітых мясцін і асоб, кожная з якіх паўтараецца двойчы, выразаюцца і перамешваюцца. Удзельнікі гульні па чарзе разбіраюць карцінкі і параўноўваюць выявы. Выйграе той, у каго па сканчэнні гульні карцінак з аднолькавымі выявамі назбіраецца больш. Я амаль два тыдні пераадольваў спакусу паспрабаваць самому згуляць ў pexeso і сёння, убачыўшы на стале ў нашага мастака парэзаную вокладку кнігі «Мінск: падарожжа па горадзе» прапанаваў яму згуляць. Згуляў і прайграў. Зайшоўшы да сябе ў кабінет, адчуў жаданне вярнуцца да мастака, каб зноў згуляць і на гэты раз выйграць. Праз паўгадзіны палова выдавецтва гуляла ў pexeso...

Гітара і оперны голас

18.06.2009. Па далькажыку пазваніў мой даўні сябра паэт Павел Дзмітрук. Ужо некалькі гадоў я не чуў яго. Пахваліўшыся жонкамі, пачалі расказваць адзін аднаму пра дзяцей. Паўлава дачка займаецца стварэннем лялек і вельмі паспяхова. А сын наогул вучыцца ў Санкт­Пецярбургу ў кансерваторыі на опернага спевака. Недзе ў дзявятым класе хлопцу захацелася іграць на гітары, і ён папрасіў бацьку купіць яму інструмент за баксаў трыццаць. Павел запытаўся ў сына: «Навошта табе гітара за трыццаць баксаў? Калі купляць, дык хаця б за баксаў трыста. Да ўсяго, калі ў цябе няма слыху, дык наогул ці трэба нешта купляць? Схадзі спачатку на праслухоўванне ў гурток мастацкай самадзейнасці». Хлопец пайшоў і, вярнуўшыся, сказаў, што яго праслухаў выкладчык з нашай кансерваторыі, які кіруе гуртком, і параіў кідаць сваю школу і ехаць у Маладзечна, дзе вучацца таленавітыя дзеці. Аказалася, што ў сына Паўла Дзмітрука голас опернага спевака. І калі б не захацеў хлопец навучыцца іграць на гітары, то ў лепшым выпадку сёння б вучыўся на якім­-небудзь філфаку ці журфаку, а то і наогул служыў бы ў войску і, маршыруючы па пляцы, оперным голасам спяваў: «Не плач дзяўчонка, прайдуць дажджы...»