Читать «Пугачоўскі цырульнік» онлайн - страница 3
Віктар Шніп
2.06.2009. Вечарам з працы вяртаюся дахаты. На маёй лесвічнай пляцоўцы маладая прыгожая незнаёмая жанчына з дзяўчынкай школьніцай звяртаецца да мяне: «Мы ключы забыліся! Не можам у кватэру зайсці. Муж у камандзіроўцы. Дапамажыце ўзламаць дзверы». Доўга не думаючы, бяру з дому манціроўку і выходжу на лесвічную пляцоўку. Спрабую ўзламаць дзверы. На грукатстукат з’яўляецца сусед Дзіма, які, убачыўшы мяне за працай, забірае манціроўку і пачынае з такім азвярэннем ламаць дзверы, што аж трэскі лятуць ува ўсе бакі. Крыху аддыхаўшыся, лаўлю сябе на пытанні: «Адкуль гэта раптам узялася ў нас новая суседка? Яе пару дзён назад не было! А што, калі гэта нейкая аферыстка? Мы ўзламаем дзверы, а яна вынясе з чужой кватэры ўсё, што зможа...» Уважліва агледзеўшы незнаёмку з галавы да ног, звяртаюся да Дзімы: «Канчай ламаць!» А Дзіма, нібыта мяне не чуе, працягвае штурм кватэры, бо незнаёмка, пачуўшы мяне, сказала: «Чым хутчэй узламаеце, тым больш заплачу!» Кончылася ўсё тым, што я адабраў у Дзімы манціроўку і прапанаваў незнаёмцы выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй. Майстра прыехаў праз паўгадзіны, а я за гэты час даведаўся, што сапраўды ў нас два дні таму з’явіліся новыя суседзі...
4.06.2009. У гэтым годзе Васілю Быкаву было б 85... Успомнілася мая першая сустрэча з вялікім пісьменнікам. Гэта было на святкаванні трыццацігоддзя часопіса «Маладосць» у 1983 годзе. Я тады быў зусім маладым, і мяне рэдакцыя запрасіла выступіць ад імя ўсёй літаратурнай моладзі. Святкаванне праходзіла ў Доме літаратара. Я прыйшоў загадзя і мяне, каб не блытаўся сярод гасцей і наогул каб не ўцёк, Леанід Дайнека адвёў у кабінет літкансультантаў, дзе ўжо сядзеў Васіль Быкаў, якога я адразу пазнаў. Сказаўшы «Добры дзень», я сеў на вольнае крэсла. Васіль Уладзіміравіч, агледзеўшы мяне, грозна запытаўся: «Хто ты такі?!» — «Паэт. Віктар Шніп...» — нясмела адказаў я. «Ну, калі паэт, то сядзі!» — весялей сказаў Васіль Быкаў і пачаў распытвацца, адкуль я, хто мае бацькі, чым займаюся...
* * *
4.06.2009. У мяне ў кабінеце на сцяне партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага. Гляджу на іх, як у вокны, за якімі спыніўся мінулы час, каб напамінаць нам, з чаго пачыналася нашае Сёння...
5.06.2009. Рыхтуем да друку кнігу «Смаргоншчына літаратурная». Сярод аўтараў — Алесь Жамойцін. На сённяшні дзень мала хто яго ведае, і ён зусім не ўспамінаецца ў абоймах творцаў, на якіх «трымаецца зруб сучаснай беларускай літаратуры». А гадоў дваццаць пяць таму пра першую кніжку Алеся пісаў і прарочыў яму вялікую літаратурную будучыню Ніл Гілевіч. Даўнымдаўно паэт жыве ў Кушлянах і працуе ў Музеі Францішка Багушэвіча. Для мяне сваім служэннем Беларусі Алесь Жамойцін падобны да Алега Бембеля, які пайшоў у Жыровіцкі манастыр, каб служыць Богу...
6.06.2009. Дзяржынскі раён. Вёска Вялікія Навасёлкі. Сюды мяне з жонкай прывёз сябра Барыс, каб паглядзець на рэшткі палаца, пра які ён вычытаў у кнізе, прысвечанай Мінскай вобласці. Вёска сапраўды вялікая. У ёй шмат дрэў, зелянее старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац, у якім замест падлогі крапіва. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць таму на ім была страха. І, калі б у Навасёлках было талковае начальства, то не былі б побач збудаваны два шэрыя будынкі, у якіх размясціліся пошта і крама, а ўсё гэта магло быць у палацы. У глыбіні парку захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзіцячы дом, а цяпер — бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў сябра і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі — Гіёма Апалінэра…