Читать «Падарунак для Адэлі» онлайн - страница 3

Севярын Квяткоўскі

Бац! Вялікае, жывое, моцнае… Калі траціш прытомнасьць, ніколі ня ведаеш, колькі часу гэта доўжылася. Выглядае, што я ляжаў павалены адно некалькі сэкундаў, бо лось (лось?) зусім побач прабівае сабе дарогу напрасткі праз гушчар. Ці ён спужаўся мяне, ці папросту сьпяшаецца па тэрміновых справах? Падымаюся, валюся, станаўлюся на карачкі. Акуляры пагнуліся, але не пабіліся, ляжаць побач з рукой. Падарунак у кішэні працінае болем бок. Па дарозе, пракладзенай жывёлінай, перабіраю нагамі, а часам рукамі. Ужо блізка. Блізка, Адэля…

* * *

На вялікім лужку перад домам стаяць сталы, на якіх – бутэлькі, закускі і кветкі. Усё вакол асьветлена адмыслова прывезенымі пражэктарамі. А таму я ўжо здалёк бачу правым вокам (левае заплыло) гасьцей. Экс-саліста опэрнага тэатру цяжка пазнаць: мае чорны твар ад запечанай крыві. Смокінг — нібы сьцягнуты з пудзіла, якое памачалі ў сіласную яму. Адна рука саліста неяк ненатуральна боўтаецца, другой ён трымае плот, каб не паваліцца. Астатнія наведнікі нібы двайнікі саліста — такія ж парэпаныя, пакамечаныя: іх дзесяць, дваццаць, легіён? Большасьць зь іх я ведаю калі не па імю, дык у твар.

Вунь руды, падобны да тхара мэн — вядомы ў краіне бізнэсовец. А вунь цыбаты хлюст з моднай фрызурай — дырэктар камэрцыйнага тэлеканалу. І таўстуна-барадача ў чорных (гэта ноччу!) акулярах ведаю — паэт…

Я ўжо ўзьняўся з карачак і кульгаю да сшэрхлай грамады. Усе маўчаць. Глядзяць на дзьверы дому. А можа, сабе ў сярэдзіну. Я сьціскаю падарунак у кішэні. Да хрумсту сьцяў пальцы непашкоджанай рукі. Колькі цягнецца маўчаньне? А жыцьцё? А імгненьне?

Бязгучна праляцеў кажан. Бязгучна прапоўз вужака. Бязгучна з-за плоту бліснулі вочы ваўчыныя. Рыпнула масьніца ў доме, павярнулася клямка…

Я ня вытрымаў і выхапіў з кішэні вялікі срэбны рэвальвэр, набіты вялікімі срэбнымі кулямі. І тады астатнія імгненна павыхоплівалі свае пісталеты.

Дзьверы расчыніліся, і на ганку паўстала юбілярка з гітарай у руках:

— Мурр, хлопчыкі… Гэты раманс я прыдумала проста цяпер. Вы будзеце першыя, хто яго пачуе.

І ўсьміхнулася сваёй усьмешкаю.

Вiльня ў канцы тунэлю

Міленіюм я сустрэў задніцай. Для кагосьці Новы год прыходзіць са звонам курантаў, для кагосьці – пад цюканьне жалезных кубкаў, для кагосьці – з ранішняга паведамленьня па тэлевізіі, маўляў, наступіў-такі. Я сустрэў апошні год другога тысячагодзьдзя на віленскім Катэдральным пляцы. Выбух салюту ляснуў мне ў сьпіну. Калі я ня вытрымаў чаканьня ды рушыў, адкуль прыйшоў – у бок вакзалу, побач зь якім ва ўтульнай кватэры мяне чакаў сьвяточны стол.

Як сустрэнеш Новы год, так яго і пражывеш, а ў момант міленіюму я быў поўны рашучасьці. Хіба я ня памятаю рашучасьці на якую справу, бо ледзь трымаўся на нагах ад алькагольнага перадозу.

Вільня ў мяне асацыюецца з алькаголем. І зь зімой.

Вільня ня можа быць Горадам сонца, гэта Горад пад начным зорным небам. А яшчэ Вільня – Горад прывідаў, якія могуць цябе зьнесьці. У тваёй галаве шпацыруюць, працуюць, ядуць, танчаць і выпіваюць скарыны, ластоўскія, луцкевічы, міцкевічы, луцэвічы, гарэцкія, тарашкевічы… Дзядзькі антосі, казікі, юзікі… З кожным кілямэтрам, з кожным кілішкам яны робяцца рэальнейшыя.