Читать «Падарунак для Адэлі» онлайн - страница 2
Севярын Квяткоўскі
Гэта цяпер паспаліты чалавек можа ўбачыць вяршкі грамадзтва адно праз тэлевізар. А тады… тады вяршкі толькі ўзьбіваліся. Саліст накінуў на Адэлю плед ды так і пакінуў руку на ейным плячы. Адэля гучна засьмяялася.
Як яна сьмяялася!.. Наступная наша сустрэча адбылася ўжо праз шмат гадоў — гадоў маіх частых узгадак і трызьненьняў пра Адэлю. На свой сёньняшні юбілей Адэля нікога не запрашала. Я ня ведаў, як быць, але зранку патэлефанаваў колішні саліст опэры: «Пойдзеш?»
І я вырашыў. І вырушыў. І вось я тут. А цяперака тут балота. Дзіўна, ніколі ня думаў, што ў гэтых ваколіцах ёсьць балоты… Стоп. А далей куды? Хмара на хвіліну адкрыла жарую поўню, і я ўбачыў, што стаю акурат пасярод багны. Я патрос пляшку — хопіць на паўгадзіны нясьпешнай гутаркі з самім сабою. Напрыклад, паўспамінаць пра наступную сустрэчу пасьля Купальля.
«А чаго вы не тэлефануеце?» — «Дык…» — «Які на вас сымпатычны касьцюмчык. Ну, хадземце, хадземце, раскажаце». Вялікая кватэра з краявідам на стары горад, камін, пляшка каньяку і кветкі на стале. «Гэты раманс я напісала сёньня, вы будзеце першы, хто яго пачуе». — «Я?!.» — «У бары ёсьць яшчэ адна пляшка». Я верыў і ня верыў. Я... дык я, канечне... вядома, я хуценька… «Ну што ж вы?» Яна паклала сваю руку на маю руку, і мы…
Бульк! Корч пад нагамі пачаў нясьпешна і няўмольна асядаць. Страшна. Я намацаў пляшку і падрыхтаваны падарунак, які назаўжды застанецца пры мне.
— Э, ачкарык, закурыць не найдзёцца?
Мэтраў за дзесяць ад мяне зьявіўся абрыс постаці. Хмара зноў выслабаніла поўню, якая асьвятліла чалавечка неакрэсьленага ўзросту ў кірзачах, гарнітуры, бэйсболцы на галаве і з вудай у руках.
— Ты ня бачыш?
Я па калена засеў быў у багне.
— Высунь левую нагу ў бок таго цьвятка. Так. Другую траха ўпірод, тока бліжэй. Гэна, ціпер трохі павярніся. Ня ў ту сторану. Ага, сюдой. Ціпер прыгай да куста. Дзяржы вудачку… Ну во, ачкарык, а ты баяўся.
Чалавечак паказаў гнілаватыя зубы.
— Што курыш? «Парламент»? Ні фіга сабе! Гарадзкі, што лі?
— Слухай, дзядзьку, як мне выйсьці на дарогу да…
— Ты дурны? Якія тут дарогі? — адказаў чалавечак і разам з вудай нырцануў у хмызьняк.
Я пагробся праз зарасьнік у адваротны бок. Убок поўні.
* * *
Адэльчын дом стаіць на самым высокім пагорку ў ваколіцы. Да дому вядзе яжджалая дарога: Адэля ня любіць быць на самоце і заўжды чакае гасьцей. Я цудоўна памятаю гэтую дарогу, бо апошняя наша сустрэча адбылася менавіта тут, на Высокім Пагорку. Ну, не тое каб сустрэча… Яна адмыслова патэлефанавала і запрасіла. Ехаць не хацелася. Я ж ведаў… Але яна ўмее прасіць: «Мурр, мне сумна, мне самотна». Я скокнуў у машыну. На гадзіньніку пераваліла за поўнач. Як я ляцеў па начным горадзе, як сьвідраваў сваім аўто пругкі слой атмасфэры, як узахлёб лічыў марудныя імгненьні! Як жа я ненавідзеў мёртвага ўжо кіроўцу, які акурат на скрыжаваньні абводнай дарогі і шашы ўпіліўся ў фуру і заблякаваў рух.
Я спазьніўся. Я гэта зразумеў адразу. Нават ня выключыў рухавіка. Побач ужо стаяла іншая машына. Я зайшоў у прыадчыненыя дзьверы і пачуў, як у залі рыпіць канапа і нехта стогне…