Читать «Падарунак для Адэлі» онлайн - страница 6

Севярын Квяткоўскі

2 студзеня 2000 году Вільня была ціхая, спакойная і прыбраная сьвежым сьнегам. Прынамсі, гэтак было на Ліпоўцы, дзе мы селі ў машыну і паехалі за дзесяць км ад Вільні ў бок беларускай мяжы.

***

Я сяджу на пачэсным месцы – леваруч ад старэйшыны сямейнага кляну, 78-гадовага дзеда грэнадэрскай выпраўкі. Дзед адзіны, хто гаворыць са мной па-расейску. 2 студзеня – Народзіны дзядзькі Марэка, таму сям’я сьвяткуе. Пры стале дзед, дзядзька, ягоная жонка, іхняя дачка, два хлопчыкі-ўнукі, Марэк і я. Налягаю на вяндліны з кіўбасамі ды збольшага памоўкваю. Першыя пытаньні задавалі па-расейску, тады па-польску, але цяпер усе (апроч дзеда) гавораць па-беларуску (і як гавораць! у сэнсе мовы). Памоўкваць я памоўкваю, хіба ўжо пасьпеў распавесьці любімы віленскі анэкдот:

– Dzien dobry, Maryla, jak sie masz?

– Ганька, сёньня ж не нядзеля, можна па-просту.

А таксама ўсе ўжо выпілі за мой тост: “Жыве Беларусь!”

А п’ем мы ня піва, п’ем самаробную гарэлку. А таму я больш закусваю ды імкнуся як мага дыпляматычней адказваць на пытаньні пра жыцьцё ў Беларусі. А глядзяць у сям’і БТ і вельмі зайздросьцяць грамадзянам РБ. Сям’і жывецца цяжка: у іх прыватны бізнэс – два мікрааўтобусы і вялікі хутар з гаспадаркай. Я акуратна тлумачу, чым адрозьніваецца інфармацыя БТ ад рэальнага жыцьця.

– Ды ён жа нацыяналіст! – выгукае Марэк.

Справа ў тым, што мы з Марэкам ужо не такія сябры, якімі былі ў павільёнчыку. Пакрысе далейшыя размовы са мной прывялі Марэка да правільнай высновы, што я нацыяналіст. Выснова шакавала Марэка, а мяне шакавала тое, што Марэк шакаваны сваім адкрыцьцём.

Але тут, за сталом, я ў поўнай эўфарыі. Я па-за сьпёртым паветрам РБ, у вольнай краіне, за добрым сталом, сярод простых беларускамоўных людзей! Учорашнія блуканьні вакол вакзалу падаюцца дурнаватым сном. Праўда, дзед усё кіпяціцца: не хавае сумневу. І ўрэшце наўпрост пытаецца пра маё стаўленьне да Лукашэнкі. Я адказваю, за якую частку цела падвесіў бы… І ўмэнт вылятаю з-за стала! Дзед трымае мяне за каўнер і цягне да выхаду. Жанчыны войкаюць, шэптам выбачаюцца за дзеда і нясуць за мной вопратку. На двары Марэк прапануе пабіцца (але ў мяне баліць нага ды вабшчэ), і праз хвіліну я ў кумпаніі праважатых-дзетак тэпаю празь сьнежнае поле пад ясным студзеньскім сонцам у бок Менскай шашы.

Сьвята атрымалася.

***

P.S.: Празь некалькі дзён мне са Жмудзі ў Менск затэлефанаваў прыяцель Міндаўгас:

– Ведаеш, вечарам першага студзеня па тэвэ паказвалі наведнікаў паліцэйскага пастарунку, зьнятых схаванай камэрай. Дык адным зь першых быў нейкі вар’ят-беларус, які хацеў пераначаваць у паліцэйскім пастарунку. Во сьмяяліся!

А то! У Вільні і не такіх прывідаў пабачыць можна.

Патаемнае жаданьне

I. Калядная Паштоўка

Бывае сон – усё роўна як фонавае мармытаньне тэлевізара, прачнуўся – выключыў і забыўся на той сон. А бывае, суткамі ня можаш вынырнуць з убачагана сну. Углядаесься ў навакольную рэчаіснасьць, нібы рыбка праз шыбіны акварыюма.