Читать «Падарунак для Адэлі» онлайн - страница 32
Севярын Квяткоўскі
Зрэшты, А. цяпер ня мог з упэўненасьцю сказаць, цi заўжды гэты сон быў сном...
Слодыч жаданьня й боль немагчымасьцi, наблiжэньне магчымага й боязь пераступiць мяжу, прадчуваньне зьдзяйсьненьня, адчай захапленьня – бурленьне крывi. А. рушыў у цемры. Наўрад цi знайшоўся бы тут які мiнак, што б гойсаў па Пляцы ў апошнiя хвiлiны перад Новым Годам. Наўрад цi хтосьцi бачыў адзiнокую постаць, якая перасекла Праспэкт на сумежжы жоўтых i мёртва-белых лiхтароў, двух падманаў. Пагатоў нiхто ня мог ведаць, што А. ня бачыў нi iхняга сьвятла, нi згаслых вокнаў пачварнага Прадпрыемства, нi Праспэкту, нi Пляца. А. рушыў як нiколi цьвёрда i ўпэўнена. У вачох А. не было месца нi для чаго, акрамя Сiняга Вакна. А. падрыхтаваўся да скачка ў спакой.
...Перад дзьвярыма ён затрымаўся хiба на колькi імгненьняў i рашуча нацiснуў на клямку. Рыпнулi старыя завесы. А. убачыў велiчэзны пакой, пасярод якога, проста пад люстрай, бокам да Вакна стаяў Стол, а перад iм – Крэсла. На супрацьлеглай сьценцы вiсеў Гадзiньнiк. Гэта быў увесь iнтэр’ер пакою.
Зь першым боем Гадзiньнiка месца за Сталом вызвалiлася. А. прычынiў за сабою дзьверы i сеў у Крэсла. Ён узяў мокрае яшчэ пяро i пачаў пiсаць у тоўстым, напалову сьпiсаным сшытку. А. не прыкмецiў адбiткаў абутку на той старонцы, тэкст якой сканчаўся словамi «...i тады я паставiў кропку». I не пачуў, як хрумснула люстра ў яго над галавой, калi Гадзiньнiк прабiў дванаццаты раз.
А. напiсаў: «Зь першым боем Гадзiньнiка я ўзяў пяро...»
Больш нiхто нiколi ня ня бачыў Сiняга Вакна.