Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 8

Уладзімір Калеснік

Паяўленне гэтага часопіса моцна закранула многіх таварышаў, якія раней не думалі пісаць, а зараз да будучых нумароў прыслалі свае вершы і допісы.

Гэты часопіс быў вельмі прыгожа выданы і як на турэмныя ўмовы нават раскошна: у двух колерах, з выдатнай па сваёй кампазіцыі вокладкай. Уплеценыя ў тэкст актуальныя лозунгі складаюць адно графічнае цэлае з графікаю тэксту. Усё пераплецена яшчэ ў ахоўную палатняную вокладку (усе выданні, выходзяць на рускай, беларускай і польскай мовах)»7.

Відаць, група літаратараў і публіцыстаў — гэта супрацоўнікі «Беларускай газеты», стваральнікі Літаратурнага фронту: Валянцін Таўлай, Алесь Рэдзька, Янка Патаповіч, Якуб Міско, якіх арыштоўвалі ў канцы 1933 — пачатку 1934 г.

З прыведзенага дакумента магло б вынікаць, што Максім Танк толькі падключыўся да выдання «Кратаў» у часе другога зняволення. На самай жа справе ён заснаваў часопіс, калі быў у турме першы раз, толькі інфарматар пра існаванне тых першых нумароў не даведаўся. Факт сумна-паказальны для характарыстыкі ўмоў, у якіх вымушана была пашырацца рэвалюцыйная заходнебеларуская паэзія.

Суд на пасяджэнні 5 снежня 1934 года прызнаў, што «абвінавачаны Скурко не вінаваты... і пастанавіў апраўдаць яго»8. Пракурор Ежы Яцэноўскі, незадаволены такім рашэннем, зноў падаў на апеляцыю. Відавочна, па ініцыятыве адваката апеляцыйны суд запрасіў паўторнае заключэнне графолага. Новы эксперт, нехта Мечыслаў Бжэскі, заявіў 20 лютага 1935 г.: «...почырк Скурко не мае асабліва характэрных рыс, гэта сярэдні тып хуткага канцылярскага пісьма»9.

На гэты раз абвінавачанне праігрывала яшчэ больш яўна, але суд, відаць, зрабіў жэст, разлічаны на супакаенне амбіцыі пракурора,— даў падсуднаму 2 гады турмы ўмоўна і пазбавіў грамадзянскіх правоў на 5 год.

Чым жа абурала пракурора тая паэма маладога аўтара? Да судовай справы прыкладзены як рэчавы доказ тэкст. Сапраўды крамольны, падрыўны, больш чым антырэлігійны.

У падарожжы, пры шпаркім руху, думкі часта набягаюць патокамі: нага прыціснула «газ»... «Хай думае пра сваё. Можа, згадаўся яму Рыгор Шырма, што калісьці бласлаўляў у паэтычную дарогу, або Васіль Труцька, выдавец першага яго зборніка «На этапах», разам праследаваны ўладамі. Абодва гэтыя хросныя бацькі паэта родам з Палесся».

Увайшоўшы ў пратаптаную каляіну, мая памяць высмыкнула з сярэдзіны 30-х гадоў яго верш «Над Прыпяццю»:

Меле гром над полем хмары, Дождж густы, сцюдзёны сыпіць На палескія імшары I на Прыпяць... Мы ідзем у час найгоршы Смерці, волі на спатканне. Гэта мо этап апошні — Заўтра ўстанем!10

У думках часцей здараюцца нечаканасці, чым у жыцці. Машынальна паўтараючы вершаваныя радкі, я раптам заўважыў, што яны даюць адказ на пытанне, як склаліся стыль і манера давераснёўскага Танка, дзе знайшоў паэт пункт адштурхоўвання, антыпод, якога не хапала яму. Традыцыяй, якую наважыўся пераадольваць Танк, сталі рэцыдывы нашаніўскай паэзіі — чуллівасць і мляўкі сум, нараканні і слёзы. Такое ж успрыманне нашаніўскай паэзіі ўласціва было маладнякоўцам. Адсюль, відаць, і пачуванне сваяцтва ў Танка. Толькі Танку ўдалося «зняць» гэты сум глыбей, чым маладнякоўцам. Замест знешняй павярхоўнай радаснасці ён даў жыццесцвярджальную трагедыйнасць. Яна ёсць і ў вершы «Над Прыпяццю», яна кіруе самавыяўленнем паэта, дзеяннем яго душы.