Читать «Зорны спеў» онлайн

Уладзімір Калеснік

Уладзімір Калеснік

Зорны спеў

Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды

БУДЗЁННЫ ДЗЕНЬ

З МАКСІМАМ ТАНКАМ

Той шчаслівы для мяне дзень надарыўся ў пачатку кастрычніка 1965 года. Максім Танк быў тады дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Іванаўскай акругі. Едучы на сустрэчу з выбаршчыкамі, ён прапанаваў мне падтрымаць яму кампанію ў паездцы па Брэстчыне. Я ахвотна згадзіўся. Мы дамовіліся ехаць на маёй машыне, каб не быць звязанымі раскладамі грамадскага транспарту.

1

Выязджаем рана, а восьмай. Шлях — на поўдзень, у глыбіню Палесся, да вялікага сяла Моталь. Седзячы ў машыне, Максім Танк дзеліцца дэпутацкімі клопатамі, кажа, што з плана электрыфікацыі Драгічынскага раёна неяк выпала адна вёсачка, і выбаршчыкі, жыхары яе, затурбаваліся, просяць памагчы ім, заступіцца. У Мінску і ў Брэсце даведаўся, што справа гэтая ў руках мясцовых уладаў. На месцы яе і вырашыць прасцей... А яшчэ — школа ў Моталі перапоўнена, у гэтым годзе набіраецца пад дзве тысячы вучняў. Дырэктар сігналіў: «Ратуйце, без новага будынка прападзём». Дэпутату ўдалося пераканаць адказных з Міністэрства асветы — уключылі ў план. Пачнуць будаваць яшчэ адзін корпус.

— Настаўнікі рады будуць,— разважае ўголас Максім Танк.— Добрыя навіны і перадаваць прыемна. А вось адна звестка...

Ён нібы не можа адшукаць належных слоў. Потым гаворыць неяк гняўліва, як бы незадаволены празмернай даверлівасцю, да якое даходзіць размова, ці, можа, сваёю немагатою нешта паправіць:

Жанчыну з дзецьмі павінны выселіць... Зацяўся сваяк — ці не родны брат нават, адсудзіў дом... Як я ні стараўся дапамагчы жанчыне, нічога не выйшла. Закон, кажуць юрысты, на яго баку. Аднавяскоўцы пісалі, што сведкаў той латрыга падкупіў, але ж гэтага не давядзеш...

Яўгену Іванавічу не лёгка гаварыць непрыемнае пра людзей. Канчае з натугаю, перамагаючы грэблівасць:

У вайну, кажуць, той тып перад акупантамі выслужваўся. Як прыйшлі нашы — судзілі, цяпер пад амністыю папаў, вярнуўся. I пачаў спаганяць сваю злосць... на сястры. Фармалізму яшчэ ў нас у судах...

I, нібы асекшыся на абстрактным папроку, для мастака не ўласцівым, пераводзіць гаворку на новы канкрэтны выпадак:

Тройчы пісаў просьбу, каб памілавалі аднаго чалавека. Баявы партызан быў. Пасля вайны арцеллю загадваў у нас на радзіме, у Мядзелі. Прыняў ён дзяўчынку адну там на працу. Бацька тае прынятае ці дзядзька пачаставаў яго з радасці. Зразумела, дзіця на свой хлеб пераходзіць!.. Ды, як на бяду, яшчэ пару кілаграмаў рыбы дамоў таму партызану прынёс: маўляў, драбніца, не пагрэбуй... У нашым азёрным краі — гэта звыклая справа. Ды галоўнае, што і не надта разбярэш, хто там каго частаваў: у партызана шырокая натура, не хацеў даўжніком застацца, таксама ставіў! Адным словам, частаваліся людзі. I знайшоўся нейкі злоснік ці зайздроснік — бух ананімку: подкуп!.. Засудзілі партызана. За хабар. А хабар пад Указ падыходзіць. Памілаванню не падлягае. Пажылому чалавеку пяць гадоў давялося адсядзець. Дык жа калі так фармальна падыходзіць — палавіну Мядзеля трэба было б перасадзіць за падобныя «хабары»!..