Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 6

Уладзімір Калеснік

«24 мая Скурко Яўген, сын Івана і Дамінікі... арыштаваны як суб'ект, на якога вёўся розыск. 26 мая 1933 г. а шостай гадзіне адпраўлен па этапу ў распараджэнне акруговага следчага суддзі ў Вільні, пана Булгака»3.

Суд ішоў два дні — 6 і 7 лістапада 1933 года, кастрычніцкімі святамі. Следчыя, як гаворыць сам Яўген Іванавіч, фабрыкавалі гэты працэс паспешліва, бо звялі ў адну кучу людзей, якія да суда, на волі, нават не бачылі адзін аднаго ў вочы. Злосная фантазія пракурора стварыла на паперы з гэтых людзей групу змоўшчыкаў, якія намерваліся адарваць ад польскай дзяржавы ўсходнія землі. Так была заведзена «Справа Серафіма Лавора і іншых». Лавор — гімназіст, абвінавачваўся за тое, што вёў камуністычную агітацыю ў часе перадвыбарчай кампаніі, а іншыя — хто ў чым. Пад націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго.

Але пракуратура і следства не збіраліся дараваць гэтую сваю няўдачу. Яны ведалі, каго трымалі ў руках. Пракурор патрабаваў кары, падаў на апеляцыю. Апеляцыйны суд сабраўся на пасяджэнне ізноў у знамянальную камуністычную дату — 1 мая 1934 года. Справу Танка тут абараняў стары віленскі адвакат, былы ўдзельнік I з'езда РСДРП Казімір Петрусевіч. У свой час ён быў абаронцам Якуба Коласа. Адвакату ўдалося адстаяць Максіма Танка. Апеляцыйны суд даў маладому паэту два гады турмы ўмоўна. Рашэнне матывавана «тым пераконаннем, што кара такога роду будзе для яго дастатковай перасцярогай»4.

Пракурор, аднак, зацяўся. Выпадак дапамог яму зноў абвінаваціць двойчы апраўданага падпольшчыка і пасадзіць на лаву падсудных. Чацвёртага лютага 1934 года, калі маці адходжвала Танка ад турэмнага раматусу, лукішскі наглядчык Аляксандр Трухан знайшоў у вентыляцыйных люках 175 камеры тайную перапіску палітвязняў, так званыя «грыпсы». Там былі перапісаныя гіесні «Мы пожара всемирного пламя», «Слезами залит мир безбрежный» і фрагмент паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы».

Следчай службе няцяжка было дазнацца, хто мог пісаць і перапісваць такія рэчы. У свой час да вязняў, з якіх следчыя скалочвалі групу падсудных змоўшчыкаў, быў падсаджаны канфідэнт, нейкі Сіцько. Праўда, ён аказаўся няўдалым канфідэнтам, бо адразу пасля прысуду 7 лістапада напалохаўся і падаў суддзі заяву, у якой раскрыўся, стаў прасіць адмены прысуду, спасылаючыся на інструкцыі свайго шэфа, нейкага пана Лабяка з Навагрудскай дэфензівы. Паводле судовых законаў Польшчы інфармацыя платнага агента не лічылася доказам. Трэба было даводзіць іншымі, дазволенымі прыёмамі слушнасць такіх звестак.

Відаць, з гэтаю мэтаю 20 жніўня 1934 года са Сваткаўскага пастарунка ў Пількаўшчыну быў пасланы паліцэйскі Генрых Молюс. Паназіраўшы ноч за хатай бацькоў Яўгена Скурко, ён а шостай гадзіне правёў вобыск і захапіў 8 сшыткаў «з рознымі нататкамі падрыўнога зместу»5. Яфрэйтар Молюс арыштаваў маладога паэта, закаваў у кайданы і пагнаў у Паставы. Там 21 жніўня арыштаванага дапытваў следчы суддзя пан Салавей. Допыт нічога не даў, арыштаванага выпусцілі. Але ненадоўга. 19 верасня ў Паставы выехаў віленскі следчы, дапытаў паўторна і распарадзіўся арыштаваць паэта і пераслаць па этапу ў Вільню.