Читать «Зорны спеў» онлайн - страница 7
Уладзімір Калеснік
— А-а-а!.. Зноў вярнуўся стары госць,— насмешліва прывітаў вязня наглядчык Лукішскай турмы і замкнуў яго ў 164 камеры.
Змест захопленых пры вобыску сшыткаў і пратаколы допытаў не давалі, відаць, дастатковага матэрыялу для новага судовага абвінавачання. Следчы вырашыў выкарыстаць эксперта-графолага, якому даручыў любой цаной давесці, што грыпсы, захопленыя ў турме, пісаў Яўген Скурко.
Заключэнне графолага:
«...гэтае пісьмо аздобнае, старанна стылізаванае, пісанае павольна, чытабельна, з няроўнымі націскамі... графіка літар своеасаблівая, індывідуальная. Індывідуальныя рысы выступаюць у пераменных націсках... Даследаванне і параўнанне пісьма Яўгена Скурко з пісьмом захопленых грыпсаў паказала поўнае падабенства»6.
I ўсё ж следчым органам і пракуратуры не ўдалося пераканаць суд. Іх сістэму доказаў разбіў сам падсудны.
Памятаю, аднойчы расказваў Яўген Іванавіч, што ён заўважыў у акце абвінавачання яўную нацяжку. На гэта зрабіў націск у часе абароны.
Следчыя перастараліся, яны сцвярджалі, што падрыўны змест напісаных Танкам грыпсаў запазычаны з мінскай газеты «Звязда». Падсудны дачакаўся, калі суд пачаў дапытваць наглядчыка Трухана ў якасці сведкі абвінавачання, і спытаўся ў яго, ці трапляюць вязням на Лукішкі савецкія газеты. Той напалохаўся самой думкі пра такое і замахаў галавою: «Гэта немажліва». Наглядчык думаў перш за ўсё аб прэстыжы турмы, аб чэсці свайго мундзіра. Падсудны выкарыстаў яго прафесійнае зазнайства для самаабароны.
Максім Танк успамінае пра гэта з яўным задавальненнем, як пра ўдалы фокус. Наглядчык даў падсуднаму ў рукі козыр, і той загнаў у тупік суддзяў. Патрабаваў ад іх логікі: «Як жа я мог узяць падрыўныя выказванні з савецкіх газет, калі быў вязнем на Лукішках?» Аўтарства паэмы «Як бог гуляў на ігрышчы» ён з затоенаю ўсмешкаю пераадрасаваў так, на арапа, савецкаму сатырыку Кандрату Крапіве — пазавіце яго да адказнасці, панове...
Усё гэта вельмі лоўка выходзіць, калі глядзець здалёк. Але цікава ведаць, што ж на самой справе рабіў паэт на Лукішках? У літаратуры замацаваліся сцвярджэнні, што на яго ініцыятыве там пачаў выдавацца літаратурны часопіс «Краты», а не толькі рэфераты, лістоўкі, адозвы. На жаль, дагэтуль не знойдзены ніводзін экземпляр гэтага часопіса. Задавальняемся ўспамінамі былых палітвязняў. Нядаўна мне пашчасціла сустрэць дакумент, які пралівае новае святло на гэту падзею — «Інфармацыя аб камуне ў Лукішскай турме 1933—1934 гг.», адрасаваная ЦК КПЗБ. Без подпісу. Інфарматар гаворыць, што з чэрвеня 1933 года ў Лукішскай турме выходзіў рукапісны часопіс «Палітзак» (выйшла 7 нумароў), а з мая 1934 года яшчэ і «Бюлетэнь», прысвечаны палітыка-выхаваўчай і арганізацыйнай рабоце турэмнага камітэта.
«К канцу 1933 — пачатку 1934 года,— піша інфарматар,— сабралася ў турме некалькі таварышаў-літаратараў, публіцыстаў, якія далі пачын выдання літаратурнага часопіса. У лютым паявіліся першыя 2 нумары гэтага часопіса «Краты». Трэці нумар, ужо напісаны, трапіў у рукі адміністрацыі. Перад маім выхадам з турмы рыхтаваўся двайны нумар 4—5.