Читать «Па слядах Купалы і Коласа» онлайн - страница 5

Сяргей Чыгрын

У 1961 годзе свой двухтомнік з аўтографам прыслаў з Мінска Янка Брыль: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы — з зямляцкай павагай і найлепшымі пажаданнямі Янка Брыль. Мінск, 6.01.61 г.”.

На святкаванне 30-годдзя бібліятэкі ў 1957 годзе ў Вялікую Кракотку прыехалі з Мінска Максім Лужанін, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, супрацоўнікі музея Янкі Купалы, якія з сабою ў дар прывезлі каля 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. “Кракоцкай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў дзень яе слаўнага трыццацігоддзя ад аўтара Пятра Прыходзькі” — так напісаў на сваёй кнізе “Салдаты міру” паэт-франтавік.

У 1972 годзе Вялікакракоцкая бібліятэка адзначала 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У вялікім літаратурным вечары, які праходзіў у Вялікай Кракотцы, прымалі ўдзел Сяргей Грахоўскі, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч і іншыя літаратары. Як памяць пра сустрэчу захоўвала бібліятэка іх кнігі з аўтографамі. Пакінуў аўтограф Сяргей Грахоўскі на кнізе “Тры вымярэнні”: “Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. Жадаю жыць у шчасці, любіць і шанаваць ніву, засеяную Купалавай шчодрай рукою”.

Захоўваліся ў бібліятэцы і кнігі з аўтографамі Алеся Якімовіча, Міколы Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў. Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”. Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна за свой 80-гадовы шлях шмат разоў адзначалася ўзнагародамі. У 1960 і 1967 гадах гэтая ўстанова культуры за шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР. Дзве ганаровыя граматы і два дыпломы атрымала бібліятэка ад Міністэрства культуры і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2005 годзе бібліятэка ў Вялікай Кракотцы набыла новы статус і стала Бібліятэкай-музеем імя Янкі Купалы. А ў 2007 годзе яна адзначыла сваё 80-годдзе. Але гэта быў апошні юбілей бібліятэкі ў Кракотцы. У 2008 годзе яе закрылі, а каштоўныя кнігі і фотаздымкі перадалі ў іншыя бібліятэкі Слонімшчыны, а таксама ў Сялявіцкую сельскую бібліятэку. Усе акупацыі і войны перажыла слаўная Купалаўская бібліятэка, а вось сённяшні час перажыць не змагла. Шкада…

*** А хто там ідзе? А хто там ідзе?.. Беларусы ідуць да Беларусі.

Янка Купала на слонімскай сцэне

Народны паэт Беларусі Янка Купала быў і застаецца самым папулярным пісьменнікам на Слонімшчыне. Аб гэтым сведчыць і вышэй згаданы факт пра тое, што яшчэ ў 1927 годзе сяляне вёскі Вялікая Кракотка прысвоілі яго імя мясцовай бібліятэцы-чытальні. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой было прысвоена імя Янкі Купалы.