Читать «Па слядах Купалы і Коласа» онлайн - страница 49

Сяргей Чыгрын

***

Некалі Алегу Лойку Лявон Луцкевіч перадаў вельмі цікавыя матэрыялы пра Янку Купалу. “З твайго дазволу, Лявон, я іх выкарыстаю пры напісанні кнігі пра Купалу “Як агонь, як вада”, — сказаў Алег Лойка. “Калі ласка, Алег, рабі што хочаш!”, — пагадзіўся Лявон Антонавіч. А пасля Лявон Луцкевіч, калі з’явілася кніга, асудзіў Алега Лойку. Спадар Лойка неяк мне сказаў: “Мяне раскрытыкавалі, што я Луцкевічаў паказаў не гераічнымі асобамі Беларусі. Вядома, што яны знатныя асобы ў нашай гісторыі. Але Янка Купала іх не прымаў. Асабліва Івана. Бо Іван быў палітык, дзялок. Ён і краў, і гандляваў, і махляваў і г.д. А Янка Купала не любіў такіх людзей. Ён казаў, што “Нашу Ніву” трэба выдаваць шчыра. А шчыра не атрымлівалася. Выдаўцы рабілі розныя махінацыі і Янку Купалу, Якубу Коласу ніхто ніколі грошай за працу ў газеце не даваў. Яны сядзелі на галодным пайку. Ім давалі толькі 5 капеек на абед. А за гэтыя капейкі можна было паабедаць толькі ў чарнасоценскай сталоўцы. І яны абедалі. Жах!.. Купала з Луцкевічамі сябраваць не мог. Бо яны былі амбіцыёзнымі. І хто для іх быў Купала?.. Ды ніхто. Яны мелі вышэйшыя адукацыі, а Купала не меў. Яны былі хітрыя, багатыя, наглаватыя. А Купала быў просты, шчыры. Што такое музей Івана Луцкевіча? Экспанаты да яго ён купляў, краў, выманьваў. А Купалу гэта не падабалася. Купала быў ідэальным інтэлігентам. Іван ідэальным інтэлігентам не быў”.

***

Уладзіслава Францаўна шчыра сябравала з Вандай Лявіцкай. Аднойчы яны арганізавалі вечарынку. Простую вясёлую вечарынку з жартамі, анекдотамі, вершамі. Да сябе запрасілі Мікалая Улашчыка і яшчэ некалькі маладых сяброў Іны Рытар. Там былі Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі і Язэп Лёсік. Гэтую сходку сябры назвалі Саюзам вольнай Беларусі. Пасля вечарыны пасадзілі Язэпа Лёсіка, якога ў 1940 годзе ўжо не стала. Згусціліся хмары і над астатнімі сябрамі вечарыны. Андрэй Аляксандровіч пісаў, што “сабралася нацыяналістычная публіка”. Дарэчы, пра вечарыну з Янкам Купалам і моладдзю ГПУ даведался ад Улашчыка, які хутка апынуўся ў Маскве. Іна Рытар згадвае гэтую сустрэчу ў часопісе “Конадні” (1963, № 7. С. 109-122)...

Расказваў Алег Лойка і пра іншых беларускіх пісьменнікаў, прыгадваў вучоных, медыкаў, палітыкаў, пра іх сяброўства і адносіны з Янкам Купалам і Якубам Коласам. І калі я сёння прыгадваю свайго Настаўніка, успамінаюцца яго радкі: “Думаў я — усё наперадзе, аказалася — ззаду”. На вялікі жаль, яно так.