Читать «Па слядах Купалы і Коласа» онлайн - страница 6
Сяргей Чыгрын
Найбольш папулярнымі творамі нашага песняра ў першай палове ХХ стагоддзя былі яго драматычныя творы. Яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя на Слонімшчыне на самадзейнай сцэне вельмі часта ставіліся яго п’есы “Прымакі”, “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “На папасе”, “Сон на кургане”. Аб лепшых пастаноўках купалаўскіх п’ес часта пісалі беларускія газеты і часопісы. Вось напрыклад, што распавядала невялікая нататка “Паўлінка” на вёсцы”, якая была надрукавана ў віленскай “Нашай праўдзе” 23 ліпеня 1927 года: “У нядзелю 26 чэрвеня гуртком Таварыства Беларускай Школы (ТБШ) ў вёсцы Вялікая Кракотка Міжэвіцкай воласьці Слонімскага павета быў наладжаны сьпектакль на карысьць бібліятэкі-чытальні. Згулялі п’есы: “Паўлінка” Янкі Купалы і “Заручыны Паўлінкі” Ф.Аляхновіча. Дзякуючы таму, што на гэты дзень быў у вёсцы фэст – народу сабралася як на рэдкасьць. За 10-15 вёрст прыходзілі, каб паглядзець на гульню кракоцкіх артыстаў-аматараў. На жаль, тэатральная зала не магла ўсіх зьмясціць, і шмат каму прыйшлося ісьці дамоў. Гулялі надта добра. Кожны артыст як бы перажываў сваю ролю і гэтае перажываньне пераходзіла на глядзельнікаў. Грыміроўка і касцюміроўка не мела жаднае заганы. Асабліва добра гуляла Зося Жыткевіч у ролі Паўлінкі. Яна дала поўны абраз маладое вясковае дзяўчыны, здольнае не толькі да каханьня, але і да ажыцьцяўленьня тых сьветлых ідэалаў, якія пакінуў у яе душы вучыцель-народнік Якім Сарока, а яе задушэўныя спевы, мастацкія па выкананьні, проста зачароўвалі глядзельнікаў. Васіль Трафімовіч сваёй гульнёю, як у ролі Быкоўскага, так і ў выкананьні папярэдніх роляў, паказаў, што мог бы гуляць і не абы як. Харавыя сьпевы (агульныя) у п’есах выйшлі вельмі добра. Відаць, што харавая секцыя пад кіраўніцтвам самавука-рэгента Васіля Трафімовіча стаіць на адпаведнай вышыні. Сьпектакль прайшоў з вялікім посьпехам. І хоць білеты былі не дарагія, ад 50 да 30 грошаў, збор вынес на 64 злотых”.
У 1928 годзе “Паўлінку” Янкі Купалы сябры гуртка Таварыства Беларускай Школы паставілі і ў вёсцы Касцяні. Пра касцянёўскіх артыстаў паведаміла 16 траўня 1928 года газета “Голас працы”. Яна пісала: “У аўторак 17 красавіка 1928 года ў вёсцы Касьцяні Чамерскай гміны Слонімскага павета была пастаўлена “Паўлінка”. Найлепш выканала ролю Паўлінкі Мар’я Легаць. Тут, можна сказаць, не было ніякіх заганаў, як з боку мастацкага, так і з іншага. Гэтая маладая дзяўчына сваім гарачым сэрцам зусім зразумела, зусім адчула настрой, перажываньне Паўлінкі. Яна дала характэрны абраз маладое вясковае дзяўчыны, у душы якой гарыць не толькі жаданьне каханьня, але і імкненьне да новага, лепшага жыцьця, якое (імгненне) у душы яе пакінуў вучыцель з новымі сьветлымі ідэаламі – Сарока. Таксама вельмі мастацка яна адпяяла песні, якія проста зачароўвалі прысутных. У будучым з яе можна было б спадзявацца добрай артыстычнай сілы. Далей надта добра была выканана роль Якіма Сарокі – Лаўрыном Якімчыкам. Ён зусім ясна прадставіў сабою тып маладога вучыцеля-народніка, які, пазнаўшы гора працоўнага люду, аддае ўсе свае сілы, усю энэргію на вызваленьне яго з путаў няволі. У яго далікатных абходах з Паўлінкаю не відаць было нічога згніўшага, старога панскага, а нешта простае, мілае, яснае.