Читать «Па слядах Купалы і Коласа» онлайн - страница 3

Сяргей Чыгрын

Пастаноўкі “Паўлінкі” і “Заручынаў Паўлінкі” у Вялікай Кракотцы вясковая моладзь ажыццявіла.

У пачатку 1928 года ў вёсцы Вялікая Кракотка з’явілася яшчэ адна грамадская арганізацыя — кааператыў “Дабрабыт”. Частка яго даходаў ішла на набыццё літаратуры для бібліятэкі імя Янкі Купалы і на іншыя культурнаасветныя мерапрыемствы. Вось тады і было вырашана пачаць будаўніцтва Народнага дома, у якім размясціўся б кааператыў, бібліятэка-чытальня, глядзельная зала на 300 месц, сцэна і грымовачная. І ў 1930 годзе ў Вялікай Кракотцы ўсё ж пабудавалі Народны дом, а на Новы, 1931 год, там нават адбыўся вялікі беларускі канцэрт. Віленская “Беларуская газэта” за 30 верасня 1933 года пісала: “Усяго некалькі гадоў існуе ў нашай вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага павета спажывецкі каапэратыў. Запраўды, пасля ліквідацыі гуртка ТБШ, каапэратыўная арганізацыя сталася ў нашай вёсцы пунктам, групуючым навокал сябе лепшыя культурнаасьветныя сілы нашай вёскі. Наш каапэратыў не агранічыўся толькі залажэньнем гандлёвага склепу. Ён, побач з нясеньнем вясковай масе пэўных матэрыяльных палёгкаў — заняўся актыўнай культурнаасьветнай дзейнасьцю. Пры яго дапамозе збудаваны Народны Дом, які ў сёньняшніх варунках зьяўляецца запраўдным гонарам вёскі. Сяляне з суседніх ваколіц прыходзяць часта палюбавацца нашым дасягненьнем і, убачыўшы тое, што мы маем і робім, запальваюцца да нацыянальна-вызваленчай працы. Народны дом у нас не пустуе. Мы часта ладзім сьпектаклі-вечарыны, каторыя сьцягаюць масы сялянства з суседніх вёсак. Даход з вечарыны мы аддаем на пашырэньне й узмацненьне культурнай работы. Выпісваем газэты, кніжкі, пасылаем на падтрыманьне беларускіх культурнаасьветных арганізацыяў. Такім чынам, паміма труднасьцяў, якія мы перажылі ў пачатку заснаваньня каапэратыву, сяньня арганізацыя наша стаіць на моцных падставах. Дзейная і масавая праца ўсіх членаў каапэратыву ва ўсіх галінах, прадбачаных статутам, зьяўляецца гваранцыяй таго, што мы ня толькі будзем жыць, але і стала развівацца, паміма злых наскокаў з боку паасобных маласьвядомых альбо варожых элементаў аб закладаньні гурткоў самаадукацыі або вывучэньня беларускай мовы. Таксама неабходна было б пастарацца аб заінсталяваньні ў Народным Доме агульнага радыя”.