Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 5

Алесь Пашкевіч

Са значным ідэйнаадрозным aпiсаннем маленства Kaзiмipa Кастравіцкага давялося пазнаёміцца ва ўспамінах Вацлава Ластоўскага, які сведчыў аб тым, што сям’я Каруся Каганца ў той час жыла адносна багата, мела сваю дваровую службу, пякарню, дзе сярод простата люду i праводзіў малы Kaзiмip большасць вольнага часу. «Успамінаючы свае дзіцячыя гады, Карусь Каганец апавядаў, — пісаў В. Лacтoўcкi, — што ён да 10 гадоў заўважыў ужо антаганізм, які існаваў паміж пакоямі i пякарняй. У 15-гадовым узросьце яго дражніла тое... дзяленьне на «мы» i «яны». «Мы» — памешчыкі, шляхта, «яны» — сяляне... Яго дружба з сялянскай моладзьдзю i «простая» (г. зн. ня панская) мова бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але аканчальны разрыў з сям’ёй наступіў пасьля таго, калі Карусь Каганец, пад уплывам народавольскіх ідэй, уцёк з дому (вылучана мной. — А. П.) i наняўся ў суседнім павеце пасьвіць статак у вёсцы» (гл.: Ластоўскі В. (Успаміны аб Карусю Каганцу) // Савецкая Беларусь, 1928, № 115.).

Такія адрозныя aпicaннi маленства Каруся Каганца, дзе ў першым выпадку яму давялося рабіць, не маючы чаго паесці, а ў другім — ён самохаць збягае з хаты (ад багатага, заўважым, стала).

I тут — сярод простага беларускага сялянства, якое адно пакуль не выраклася сваёй мовы i свaix звычаяў, у матчыных абдымках прыроды — Карусь Каганец зведвае важнейшыя навукі свайго найгалоўнага жыццёвага ўнівepciтэта. Цудоўным настаўнікам тут быў яму скарб роднай мовы, народных песняў, легендаў, паданняў, казак, якія ён ашчадна вывучаў i зaпicваў (а дома ж, калі хлопца прылучалі да граматы, злосць брала, — прызнаваўся ён В. Ластоўскаму, — чаго гэта яго вучаць «не па-нашаму»). За нягоршага выкладчыка была малому Казіміру i праца, нялёгкая, але ўсё ж жаданая, вясёлая, — сярод цудоўных палёў, часта разам з іншымі сялянскімі дзецьмі. Многаму навучыла хлопца i адзінота, тая нясмелая, сціплая адзінота калекаватага хлапчука, якому лёс наканаваў вылучыцца сярод аднагодкаў i фізічна. Казімip меў горб, праз што пры гасцях крыху стыдобіліся сына i маці, i айчым, а гарбатасць не была прыроджанай, як у бацькі, а з’явілася вынікам нешчаслівага недагляду: яшчэ ў Табольску малы вываліўся з акна на вуліцу, i гэта яго пакалечыла, а ў Засуллі пад час гульні на хлопца абваліліся цяжкія вароты. Да калецтва, магчыма, спрычынілася i спадчыннасць...

Адзінота ў сям’і i ў полі навучыла многа думаць, перажываць, асэнсоўваць, паспрыяла росту моцнай волі будучага творцы i развіла яго духоўна, творча.

Сваім умельствам да граматы i малявання Карусь Каганец дзяліўся з сябрамі-падпаскамі. I ўжо тады Казімip пры дапамозе імправізаваных iм жа самім казак вёў сярод сялян, па сведчанні В. Ластоўскага, нацыянальную i сацыяльную прасвету-прапаганду.