Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 7

Алесь Пашкевіч

«Наш покліч» — адзін з першых твораў новай беларускай літаратуры, у якім разам з сацыяльнымi яскрава прагучалі i адраджэнска-асветніцкія матывы:

Ой, гора, гора над намі, А ўсяму вінаваты самі, Бо мову прыродну мы забываем, Апратку, звычай на чужы мяняем. Гэй, да схамянемась, Да са сну прачнемась!

Палітык-народнік і адраджэнец-рамантык зліліся ў адной асобе творцы — асобе адметнай і арыгінальнай. І ці не адным з першых адзначыў гэта яшчэ Максім Гарэцкі, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» засведчыў: «Пачаў ён (Карусь Каганец. — А. П.) пісаць з 90-х гадоў у часе пашырэньня твораў Багушэвіча, але стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайманьнямі…».

М. Гарэцкі першым абмаляваў і сам гістарычна-ідэйны зрэз, на які прыпаў пачатак Каганцовай чыннасці, і асноўныя накірункі-ўзросткі ягонай працы: «У самую дзікую пару аляксандраўскай рэакцыі <…>, калі сыстэма абмаскальваньня й змаганьня з сацыялістычным рухам была ў поўным росквіце, кінуў Каганец лозунг: “Беларусь трэба падымаць!”. Як ідэйна-грамадскі працаўнік, ён быў ведамы ня толькі беларускай інтэлігенцыі, але й шырокім колам краёвых працаўнікоў вызваленчага руху канца 90-х і 900-х гадоў».

Маніфестам кожнага сапраўднага беларуса з’яўляўся і верш Каруся Каганца «Наш сымболь» (напісаны ў тым жа, што і «Наш покліч», .), у якім перадаваліся пажаданні-зычанні сваім братам па справе змагання-барацьбы за Бацькаўшчыну:

Адважна, брацця, наперад ідзіце Цвёрдай і правай ступою! Кожнаму ў вочы смела глядзіце, Праўду нясіце з сабою! За родну краіну, звычай і мову, За веру груддзю ставайце! Ды будзьце верныя сваему слову, З Богам заўсёды трывайце! Тады вы усякую зможаце сілу, Ворагам прыйдзе скаранне! Правым дасць Бог наградачку мілу, Шчасце і радасць настане!

Не выпадкова захацелася працытаваць гэты верш цалкам і ўзнавіць яго менавіта па першапублікацыях — у «Велікоднай пісанцы» ., у «Календары “Нашай Нівы” за 1911 год», бо нялёгкі лёс «рэдагавання» і лакіроўкі выпаў яму. Таму ў адзіным зборы твораў пісьменніка (Каганец К. Творы. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1979) на месцы падкрэсленых вышэй слоў мы знаходзім нейтральныя, завуаляваныя: «За гонар груддзю ставайце», «З праўдай заўсёды трывайце»…

Жыццё i лёс Беларусі патрабавалі разнаплыннай i разнажанравай працы, i ён ужо зрыхтаваўся да гэтага...

У СВЯТЛЕ ЛЮБОВІ

I яшчэ пад адной найяркай зоркай трэба разглядаць легенду Каруся Каганца. Імя ёй — Любоў.

Лёс падараваў яму велічнае каханне да жанчыны, i гэта ўнесла ў творчасць новую магічную цеплыню лірычнасці, пачуццёвасці i шчырай сентыментальнасці.

Пачуццё гэтае — шырэй — было асвечана любоўю творцы да роднай зямлі, да маці-прыроды, i ад aпoшнix i ўзрастала, бо хто, як нi тыя радзіма i прырода, уклалі ў калекаватае, сціснутае цяжарам вакольнай цямрэчы цела здольнасць так высока, чыста і адухоўлена (напрыканцы жыццёвага шляху Карусь Каганец прыйдзе да ўсеахопнага спасціжэння вобразу Маці Боскай) адчуваць сусветную прыгажосць i прыгажосць адзінкавую... А да ўсяго — i ўнутраную.