Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 21

Алесь Пашкевіч

Натуральным з’яўляецца нараджэнне ў Каруся Каганца ў гэты час (.) і аднаго з найлепшых вершаў «Кабзар», які строгі ў крытычных ацэнках М. Багдановіч назваў «рэччу самароднай, веючай народным духам і пакідаючай моцнае ўражанне» (артыкул «Забыты шлях»). «Цэнтральным героем лірыкі Каруся Каганца стаў лірнік, кабзар — вобраз, у якім выявілася паэтава разуменне ролі і месца песняра ў жыцці народа, своеасаблівая паэтызацыя Карусём Каганцом сябе як паэта-будзіцеля. Разам з тым верш “Кабзар” — найбольш гарманічны лірычны твор паэта, найбольш чысты ўзор яго песенна-рамантычнага стылю, своеасаблівы пашпарт Каруся Каганца як лірыка», — сцвердзіў і А. Лойка (Гісторыя беларускай літаратуры. Ч. 2. – Мн., 1989, с. 396).

У СУПРАЦІВЕ «МОДНЫМ ШЛЯХЦЮКАМ»

Усю зіму (1909–1910 гг.) Карусь Каганец працуе ў рамесніцкай школе пры касцёле Св. Сцяпана. I цяжкія ўмовы — неадступна з iм. Малы i сыры пакой, які выдзелілі яму ксяндзы, холад i матэрыяльныя нястачы яшчэ больш аслабляюць здароўе. Ды ці многа чаго патрэбна было Каганцу, каб свяціць i ў гэтым волкім пакойчыку? Дзесьці тут стварае ён найвядомую сваю скульптуру — драўлянае ўкрыжаванне Хрыста, амаль у метр вышынёй, афарбаванае ў белы колер; ручнік на поясе Icyca быў аздоблены беларускім народным арнаментам. Уся фігура атрымалася вельмі партрэтнай i нагадвала ўлюбёны Казімірам Карлавічам тып беларуса...

На віленскі перыяд прыпадае i стварэнне Карусём Каганцом «Моднага шляхцюка» — п’есы, якая стала выдатнай з’явай у гicторыі беларускай літаратуры i культуры. Самым лепшым творам пісьменніка назаве яе ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» М. Гарэцкі.

«Бытавая камедыя ў адной дзеі» першая, бадай, узняла ў нашай драматургіі праблему здрады нацыянальнаму, роднаму. Карчэўшчыкі (так — Карчэўшчык — звалі адмоўнага «шляхцюка») былі ўсюды: i ў Вільні, дзе спрабавалі ўвайсці ў «культуру» праз польскія мову i звычаі, i ў Менску, дзе выбіралі расейскую «матку». Яны няўмольна карчавалі сваё спрадвечнае, «тутэйшае», беларускае.

Адметнымі бачацца першаштуршкі да напісання п’есы. Рамесніцкая школа пры касцёле Св. Сцяпана, дзе працаваў Карусь Каганец, была арганізавана Эндэкцыяй (польскай нацыянальна-дэмакратычнай партыяй) з яскравымі паланізатарскімі мэтамі. Дзяцей беларускай беднаты набіралі ў закрыты інтэрнат дзеля таго, каб узгадаваць з іх нацыянал-палякаў і адданых каталікоў. Польскія ідэолагі на Беларусі разумелі, што іхняе панаванне ў краі без паслужных папіхачоў сярод працоўных мас не будзе мець сілы, і таму ўкладалі значныя сродкі для маральнай і псіхалагічнай пераробкі беларусаў: адкрываюцца адпаведныя школы, выдаюцца падручнікі. Такая палітыка была разлічана ў першую чаргу на народную цемнату, дзякуючы якой і сапраўды ўдавалася падмяніць рэлігійную сутнасць нацыянальнай: калі ты каталік — значыць, ты паляк…

Згаданая рамесніцкая касцёльная школа ў Вільні была адным са звёнаў такой палітыкі. І Карусь Каганец, неўтаймоўны змагар-асветнік, уладкаваўшыся ў яе, арганізоўвае там гурток з лепшых хлопцаў, сакрэтна водзіць іх на сустрэчы і гутаркі ў беларускія асяродкі: «Нашу Ніву», да братоў Луцкевічаў, Янкі Купалы, Аляксандра Уласава, Ядвігіна Ш., Язэпа Драздовіча, Сяргея Палуяна…