Читать «Карусь Каганец: Кроў з крыві беларуса...» онлайн - страница 19

Алесь Пашкевіч

БЕЛАРУСКІ КАБЗАР

Увосень . К. Кастравіцкага пераводзяць па службе ў Дулебы, каля мястэчка Бярэзін (цяпер — Беразіно Мінскай вобл.). Сям’я і праца ў лесе займалі большасць часу.

А яшчэ – праца мастака. Карусь Каганец дэталёва апіша выхадцаў з тутэйшых мясцінаў у сваім навукова-папулярным нарысе «Нашыя птушкі», а таксама ў наступным творы (назва, на жаль, не захавалася): «Дулеб высокага росту, стройны, каравокі, з невялікаю чарняваю барадою, у летняй белай дулебскай світцы, у сіняй з зялёнымі кантамі шапцы з гербам і з бляхаю на рэмені, з торбаю з ласовых лапак, катора вісіць у яго з левага боку, з калітою і нажом пры поясе і са стрэльбаю за плячыма <…> ідзе ў падар, дзе ліпнёг слаўны падняўся, і любуецца ён, расхінаючы высокія, гладкія ліпкі, каторыя мяккім сваім лістам ласкочуць яго па твары…» (Паводле цытацыі М. Каспяровіча // Маладняк, 1928, №10, с.94).

…Неяк сям’ёй агоралі зіму, правялі вясну… Памяталіся яшчэ некалькі «спраў» з жандармамі — то за «крамольные речи», а то і за простае заступніцтва.

Падтрымаў ліст з Пецярбурга ад В. Іваноўскага, які перадалі Каганцу на пачатку чэрвеня.

«Паважаны Пане! — значылася лацінкай на цяпер ужо «фірмовым» бланку выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». — Ці не ўзялі б зрабіць нам окладку кнігі «Другое чытанне дзетак (слова “дзетак” двойчы тлуста закрэслена. — А. П.) беларусаў», пяром, чорным тушам на белай паперы <…>, каб засталося месцэ надрукаваць:

Другое чытанне для Беларусаў

Напісаў Якуб Колас.

<…> часу на работу 6 нядзель <…>

Просім ураз жа адпісаць, ці возьміцеся за гэту работу і ці нашы варункі Вам падходзяць.

Ваш В. Іваноўскі.»

Нейкая нечуваная радасць абудзілася ў сэрцы. Ён бачыў, што ўжо сабралася вялікая сіла, што яна зможа куды больш, як некалі… Даўно ў расчыненае акно зазірала чэрвеньская ноч, а Карусь Каганец, схіліўшыся над самаробным сталом, штось карпатліва выводзіў на белым аркушы.