Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 5

Алесь Пашкевіч

Рэўком усталяваўся ў Слуцку толькі ўвесну 1919-га. І гэты перыяд бальшавіцкай улады ў павеце Алесю памятаўся найменш. Адно надоўга ўеўся выпадак з былым першым камісарам горада «таварышам» Красніцкім. Ён заявіўся ў Слуцак праз некалькі дзён пасля ўваходу Чырвонай арміі — ганарова, на зіхоткім аўто, у суправаджэнні трох «упаўнаважаных». Перадаў старшыні рэўкома мандат і адрэкамендаваўся асобым дарадцам Багуцкага, першага сакратара ЦК КПБ(б). Пасля знаёмства са старэйшымі камандзірамі запрасіў сувязь са стаўкай — далажыць пра свой прыезд, чым здзівіў усіх і збіў спанталыку: ніякай сувязі са «стаўкай» не было.

Пасяліўся Красніцкі ў ціхім доме Вайніловіча — лепшым у горадзе, а жыццё павёў далёка не ціхае. Тры ягоныя ахоўнікі да вечара раз'язджалі па вёсках, раскідвалі звязкі старых газэтаў і збіралі «развёрстку» для патрэбаў ваенных шпіталяў. За «экспрапрыіраваную» маёмасць — зазвычай харч і адзенне — выдавалі цэтлікі з подпісам Красніцкага. Затым усё агулам мянялася ў мясцовых перакупшчыкаў-габрэяў на гарэлку і грошы, і вясёлая чацвёрка ўскоквала ў аўто і выязджала на баляванне. Праз суткі ўсе, апухлыя і злыя, зноў варочаліся ў горад.

На другі тыдзень Красніцкага выкрылі — ніякага камісара ў Слуцак не выпраўлялі. Калі соннага «госця» вывелі ў калідор Вайніловічавага дома, той пра штось абурана загугнявіў, шкрабучы свой тоўсты шнар — ад губы да вуха (хваліўся раней, што гэта знак кадэцкай шашкі), а потым выхапіў наган, параніў чырвонаармейца, скочыў праз расчыненае вакно ў аўтамабіль (заўсёды ставіў яго там) і газануў з горада. Яго «ўпаўнаважаных» схапіць паспелі і назаўтра расстралялі…

Але абвыкацца з новай уладай Саветаў давялося нядоўга — ужо ў сакавіку на Беларусь рушылі польскія легіёны…

Прыгадалася нібы ўчарашняе: сцішаны летні надвячорак, маці з дзедам — у хаце, ён — каля вакна спяшае завідна дачытаць нейкую кніжку, як раптам па вуліцы пранесліся з дзесятак вершнікаў (ён не паспеў нават разгледзець іхняй формы, кінуўся ў вочы адно трохкутны бела-чырвоны сцяжок на дрэўку-дзідзе першага конніка). А праз пяць хвілінаў у ягонай Цароўцы з'явіліся і асноўныя польскія часткі. Жаўнеры, сярод якіх бачыў шмат вусачоў, ― у навюткай вопратцы, боты й папругі шляхоцка зіхцелі, твары спакойныя і ўпэўненыя. Уразіла найперш вялікая колькасць артылерыі. Зрэшты, не… За войскам па выбітай вулцы прарыпелі фурманкі з правіянтам і паходным начыннем (коламі, вёдрамі, рыдлёўкамі). А ўпрэжаны ў іх былі коні невядомае пароды — аграмадныя цяжкавозы з доўгімі вушамі. З «валавікоў» найбольш распаўсюджанымі былі на Случчыне цяжкія ардэны. Для кавалерыйскіх вайсковых частак сяляне (пераважна ў Семежаве, Бокшыцах і хутарах пад Пагостам) гадавалі — на продаж — і коней расавай пароды. А тут — невядомыя даўгавухія лашакі, што цягнулі гарматы. І дзед, седзячы наўздалёк і стараючыся не паказваць сваёй узрушанасці (нават калі тарахцелі два танкі), тых коней прапусціць не здолеў — прыліп, як хлапчук, да вакна і толькі цмокаў: «Такія паўдня плуга цягаючы не ўзмакрэюць…»