Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 24

Алесь Пашкевіч

― Калі просіце канкрэтна — калі ласка! — Гарун усміхнуўся нават. — Вы, скажам так, як сімвал нескаронай рускай інтэлігенцыі прыязджаеце, не хачу казаць уцякаеце… (І зноў абураны гул у зале, а Гарун адно павысіў голас.)…у суседнюю краіну, да суседняга народа — і не заўважаеце яго, дзівіцеся і белымі булкамі, і запоўненымі вулкамі, а на тое, што булкі тыя пяклі беларусы і што гэта вулкі беларускага горада — ці забыліся, ці не бачыце?!

І тут заля пачала ўзрывацца выкрыкамі нібыта абураных слухачоў:

― Да что он вяжется!

― По существу вопросы, по существу!

― Большевицким прихвосням слова не давать!..

Апошняе апякло зусім зблізку — Гарун нават разгледзеў уладальніка гэтага хрыплага барытона — таўставатага «дзеяча» ад журналістыкі. Яны ж былі нават знаёмцамі: у 1918-м, калі газэта «Беларускі Шлях» пераходзіла да менскага таварыства «Заранка», пад Гарунова рэдактарскае крыло, дзеяч гэты — ці не Гробскі яго прозвішча? — на ўсю чарніў перад немцамі (тымчаснымі «вызваліцелямі» Менска) беларусаў і дамагаўся фундацыі сваіх рускамоўных «Ведомостей»…

Выкрык пра бальшавіцкага прыхвасня крануў за жывое — каго-каго, а яго, Гаруна… Пасля ўсяго напісанага і зробленага ім… Хоць і ведаў, што гробскіх тут — паўзалы…

― Давайте спокойнее, господа! — нібыта абурана выціснуў Меражкоўскі і прысеў да століка — гэтым вечарам ён больш нічога не сказаў.

― Да-да, конечно… Хватит… Почитайте, пожалуйста, еще что-либо… — паплыло з галёркі, і Злобін раскрыў свой бліскучы нататнік…

Гарун так і не даседзеў да канца сустрэчы. За ім, ловячы грэблівы зірк «рускага» журналіста ў замалым для ягонага жывата, камечаным пінжаку, падаўся і Алесь.

На выхадзе сустрэлі здзіўленую прыбіральшчыцу.

― А што паноў пісьменнікаў да канца не даслухалі? ― і зноў плёхнула ў ваду ўжо выкручаную анучу.

― Ды, ведаеце, і ў зале бруду багата было… — міжволі вылецела ў Гаруна.

― Як?! — зніякавела прыбіральшчыца. — Я ж яшчэ сённячы ранкам дамывала там…

― На жаль, бруд той, пэўна, ужо не адмыецца. — Гарун уздыхнуў і прачыніў дзверы. Алесь азірнуўся: у неўразуменні над вядром застыла прыбіральшчыца.

Вогкі вецер астудзіў іх, лізнуў холадам і скочыў да тэатравага франтона. Горад жа і не думаў збірацца спаць — ад гатэля дабягаў стук малатка (нейкі гаспадар-клапатун, не зафіраніўшы вакно, дарабляў у «кватэры» перагародку — цяжарная жонка назірала за ягонай працай), доўгія цені паліцэйскіх пераплылі вуліцу, бадзёра зыкнуў прастуджаным гудком на вакзале цягнік — і вецер нацянькі кінуўся на яго вандроўніцкія запросіны. «Газэты! Цыгарэты!» — адзываўся на ганку гатэля рабаціністы хлапчук…

А да Гаруна падступіла даўкае — як гэтая зімняя пераспелая цямрэча — пачуццё, — каб мог, дык хоць заплач… І заўважыўшы, што і Алесю нясоладка, Алесь старэйшы нырцануў у блізкія ўспаміны:

― Эх, а тры ж гады таму — 18 снежня 1917-га — тут першы Усебеларускі з'езд праходзіў, а здаецца — паўжыцця мінула… Вось тут… — Гарун зноў вярнуўся да дзвярэй тэатру. — Тут стаяла ганаровая варта Менскага беларускага палку, а там… — Ён тыцнуў у сцяну пальцам. — Там, у зале, не шэрыя сцены былі! Сцэна — «Пагоняй» і бел-чырвона-белымі сцягамі ўпрыгожана! За прэзідыумам — хор Тэраўскага. З артыстамі Ждановіча, усе ў беларускіх строях… І заля, і лёжы, і хады былі заняты дэлегатамі. Ніводная нацыя за перыяд расейскіх рэвалюцыяў не дала такое колькасці ўдзельнікаў… ― Яны павольна пакрочылі да Захар'еўскай. — Прадстаўніком на сходзе тым быў запраўды беларускі народ — толькі «кантрабандным» чынам трапіла туды колькі «таварышаў» з маскоўцаў, якія прыехалі з выразнай мэтай справакаваць з'езд. За старшыню абралі Івана Сераду, у сакратарыят, разам з іншымі, увайшлі Тамаш Грыб і я… — Гарун на хвілю перапыніўся. З пляцавага гала злосна налятаў вецер, лязгаў бляхамі начольнікаў і раз'юшана завываў у трубе вадасцёка. Гарун наставіў каўнер, глыбей нацягнуў шапку і падпіхнуў Алеся ў плячук: — Помніцца выступленне аднаго «ўмандатаванага» святара, прыхільніка, — высока паківаў пальцам, — улады саветаў… Ён настойліва гугнявіў пра непадзельнасць трыадзінага рускага народу і параўноўваў з непадзельнасцю Святой тройцы… Была і правакацыя: адзін дундук з «абласнікоў» назваў бел-чырвона-белы сцяг, што вісеў над трыбунай, тряпкой. Я й некалькі вайскоўцаў хацелі вывесці разумніка… А з прэзідыуму да трыбуны падбег генерал Аляксяеўскі і, пацалаваўшы сцяг, папрасіў прысутных не зневажаць першы з'езд бойкай. Адкрыў жа з'езд твой Рак-Міхайлоскі — доўгія воплескі былі!.. А калі хор заспяваў «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі»!.. Божа мой, не паверыш — бальшыня слёзы выцірала… Шчаслівыя слёзы! — Гарун уздыхнуў і зірнуў на Алеся, усміхнуўся. — Цябе з лекцыі звёў, а сам другую распачаў…