Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 22

Алесь Пашкевіч

Дзякуючы Мядзёлцы, ён хутка адшукаў патрэбных людзей і адразу ж быў залічаны на працу. Дзякуючы ёй жа, па ўсім Беларускім доме хутка разбеглася чутка пра бойку каля рэчкі і «ўганаравалася» ягоная клічка — Мядзведзь. І калі надвячоркам ён разгарнуў купленыя раніцай газэты (падшукаць кватэры не паспеў і застаўся пераначаваць у канцылярыі Школьнай рады), у дзверы пастукалі, і ў пакой зайшоў маладжавы мужчына сярэдняга роста, у вайсковага крою пінжаку, кашулі пад самую шыю без каўняра, гладка адпрасаваных нагавіцах і зіхоткіх ботах ручной работы. Агледзеўся, усміхнуўся — твар правільнай формы, шляхетны — і ледзь не з уваходу выпаліў:

― Дык хто тут Мядзведзем будзе?

І ён пазнаў — зайшоў Алесь Гарун.

Алесь Гарун

Цяжкія дзверы гатэлю «Парыж», крыху разбуранага зверху напачатку немцамі, а затым бальшавікамі, раскрыліся лёгка, не пасаваў толькі іхняй былой велічы намерзлы скрып: ужо некалькі гадоў не змазваліся жалезіны запавесаў. Жмурачыся ад святла і снегу, першым з гатэля выскачыў ад'ютант генерала Жэлігоўскага, зірнуў наўкруг і заліхвацка адступіў, трымаючы дзверыну. За ім паказалася і ўся дэлегацыя: Гіпіус, Меражкоўскі, генерал, Злобін і Філосафаў (у студзені 1920-га Дзмітрый Меражкоўскі з жонкай Зінаідай Гіпіус выбраліся з чырвонага Піцера — чытаць чырвонаармейцам лекцыі пра… Егіпет. З маладым паэтам, у будучым сакратаром Меражкоўскіх, Валодзем Злобіным нелегальна перайшлі пад Бабруйскам «польскую» мяжу, адкуль — праз колькі дзён — і патрапілі ў Менск).

Цямнела. Халодны вецер сыпануў у твар снежнай ігліцаю. Па вуліцы — ледзь не пад ногі — пракаціліся дзве скамечаныя газэціны, купка сонных галубоў лена адляцела на колькі крокаў і зноў сцішылася — зіхоткія галоўкі падазрона крывіліся — амаль тэатральна косячыся на пышную дэлегацыю.

— …Поймите, — працягваў распачатую яшчэ ў гатэлі размову Жэлігоўскі, ― здесь нет никого разумного и ответственного нз русских людей, кому поляки могли бы доверять… Здесь фактически нет достойных русских антибольшевиков. Нам не с кем разговаривать. Вы — первые русские люди, точка зрения которых нам не внушает недоверня. И, я полагаю, в Польше нужно создать русское правительство, которое Польша после свержения большевиков желала бы видеть у власти…

― Да-да, есть над чем поразмыслить. — Меражкоўскі, магло падацца, амаль не слухаў генерала: ступаў па прымеценай снегам вуліцы няўпэўнена, як здарожаны хадок, крыху прыпадаў, нібы пакульгваючы, на пяткі. А можа так здавалася на фоне роўнай генеральскай хады?

Калі ўся шасцёрка перайшла вуліцу, з Гарадскога тэатру (ён месціўся насупраць гатэля) ветліва выбег доктар Балаховец, загадчык Пушкінскай бібліятэкі — ён і арганізаваў гэтую сустрэчу менчукоў з расійскімі пісьменнікамі — і соладка раскланяўся гасцям: