Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 21

Алесь Пашкевіч

― Паўліна, — і, далікатна змаршчыніўшы лобік, працяла, здалося, позіркам і зашчабятала зноў: — А вы, Аляксандр, чаму па-беларуску гаворыце? — і ўсміхнулася з хітрынкай.

― Ды… проста. А што?

― Так, прыемна чуць. Дык ці здалёку да нас абаронцы прыязджаюць?

― Са Случчыны.

― Вой, што ты кажаш?! — Пры «ты» ён зірнуў на Паўліну запытальна-гарэзліва, але паненка нібыта і не заўважыла гэтага. — Дык і я некалькі гадоў на Случчыне пражыла! У Мядзведзічах… Цяперака бачу, што і сапраўды там мядзведзі жывуць — гэта так скруціць тога збродню!.. То вёску Мядзведзічы — можа, чуў?

― Чуў. Гэта на самай мяжы Случчыны, амаль каля Шчары…

― Добра там у вас!.. Выйдзеш з хаты — а конікі так траскочуць!

― Ну, цяпер там конікі маўчаць…

― Гэта я пра лета. Я там настаўнічала ў беларускай школе.

― Ці не ў той, што княгіня Магдалена Радзівіл фундавала?

― У той. Ты — настаўнік!

― Не… — усміхнуўся. — Дык ці не тая ты Паўлінка, што і Купалаву «Паўлінку» першай іграла? — і стаў, здзіўлены нечаканкай, узяў паненку пад локаць і прыжмурыўся: — Вы Мядзёлка?!

― Ого! — здзівілася і тая, што яе «завочна» ведаў сённяшні абаронца, усміхнулася: — Толькі чаго ж зноў «вы»?

Крануліся далей, Мядзёлка, узбадзёраная, — паперадзе.

― Адкуль, цікава, у майго абаронцы такія звесткі? ― І азірнулася — весела, гарэзна.

― А вы… ты павінна ведаць майго настаўніка Радаслава Астроўскага…

― Ну а як жа, добра ведаю!

― Вось ён і расказваў. Толькі як жа і сама Мядзёлка ў Менску апынулася?

― Праўда расказваў? І добрае? — і калі ён хітнуў галавой, працягвала: — Ох, дарагі Алесь… Можна я называцьму цябе Алесем? (Яму нечакана здалося, што за гэтую хвілю Мядзёлка, хоць і выглядала замаладой, памаладзела яшчэ — мяккасць, гуллівасць, у нечым бездапаможная, адкрытая наіўнасць…) Да Менску я пабыла яшчэ ў Горадні — школкі інспектавала, драмгурток стварыла і… у польскай турме адпачывала…

― Як гэта? — зусім «недыпламатычна» вырвалася ў Алеся.

― За ўдзел у выданні газэты «Родны край», добрай газэты…

Хоць і чуў на свае вушы, ды з цяжкасцю даваў ён чутаму веры.

― Значыць, не толькі на рабаўнікоў злосць Мядзёлка мае?

― А хай ім усім добра будзе!.. Адны вось да працы перашкаджаюць дайсці, другія — працаваць не даюць…

― А цяпер дзе шаноўная Мядзёлка завіхаецца?

― Ажно жаночай чатырохкляснай школай кіруе… А куды, калі не сакрэт, пан Алесь шыбаваць меўся?

― На працу і я спрабую дабрацца. Запрасіў Ігнатоўскі. Казаў, што ў Школьнай радзе людзі патрэбны…

― Гэта ў Рак-Міхайлоўскага? То ж мы амаль калегамі будзем! Толькі… як ты туды з падбітым вокам упяршынь заявішся?!. — Яна прымружыла павейкі, зноў паморшчыла лобік і, узняўшы ўгору ўказальны палец, рашуча мовіла: — Зробім так… Я дзядзьку Сымона добра ведаю, і таму мы зараз да яго ўдваіх і пойдам. Там разам твой сіні «медаль» і адзначым…

Калі яны дайшлі да Юбілейнага дома (цяпер яго звалі Беларускім), зацерушыў сняжок. Дом стаяў на ўзвышку, да галоўных дзвярэй вялі высокія каменныя прыступкі. Ды і сам дом пачынаўся звысоку — амаль на паўроста ўзнімаўся шэры падмурак, над ім — аркавыя вокны першага паверха. Другі паверх адкрыта глядзеў большымі — амаль квадратнымі — вачніцамі — кудысь за вуліцу. Аркавымі былі і двайныя ўваходныя дзверы, над імі зграбна выступала трапецыяй невялічкая мансарда.