Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 19

Алесь Пашкевіч

Глядзеў ён доўга — пазнаючы і не пазнаючы — на чырвоныя дахі старой забудовы, на шыхт шматпавярховікаў, на змрочную ў восеньскім продуме Свіслач, бялюткая Святадухаўская царква на ўзвышшы — і плакаў, плакаў па-дзіцячы шчыра прамінаючы здзіўленыя позіркі мінчукоў, так і не надзеўшы пасля машыны капялюш — жмакаў яго ў дрыготкай руцэ.

Іяму тады ўявілася, што ён…

* * *

…стаіць на каменным мосце паміж Траецкім і царквой, у спраўленым бацькам амаль новым кажушку, па-модзе кароткім, шапцы формы канфедэраткі, з фанерным баульчыкам-чамаданікам, — і як не даймаў шыю і шчокі марозны вогкі вецер з нізіны, з-за рэчкі, не настаўляў каўняра.

Ён выбраўся ў Менск у крытай паштарскай фурманцы яшчэ зночы, каб дабрацца нараніцу (так прасіў Ігнатоўскі) няроўным гасцінцам, шкадуючы, што не даўмеліся пракласці паміж Слуцкам і Менскам чыгункі. Наогул, Слуцак «убачыў» чыгунку толькі ў апошні год Першай сусветнай вайны — яе працягнулі да горада ад усходняй станцыі Урэчча. Гэта была частка Асіповіцкай лініі Лібава-Роменскай чыгункі, якая звязвала Менск з Украінаю. Але ж каб па ёй трапіць са Слуцка ў Менск — трэба залішняга круга даваць…

Ужо развіднела, і ён мог з цікавасцю назіраць, як павольна прачынаўся горад. Недзе здалёк, на ўсходзе, на марозным небе, з'явіліся дзве невялікія шапкі ні то дыму, ні то пары. З цэнтра — па Захар'еўскай (здагадаўся па цоканні) лескатала конка. Першым ажывіўся Пляц Волі (колішні Губернатарскі): у царкве і касцёле пачыналіся службы. Знекуль вынырнуў хлапчук-газэтаноша, напалохаўшы знячэўку бадзёрымі вокрыкамі:

― Газэты, сённяшнія газэты!

Ён падазваў хлапчука, паздароўкаўся, — чым здзівіў тога.

― Якія ёсць?

― Толькі дзве пакуль — «Минскнй курьер» і «Беларусь».

Ён купіў абедзьве і, намагаючыся, каб не пачаць чытаць, склаў і сунуў у кішэню.

Некалькі спешкіх гараджан прашыбавалі паўз яго, супыніўся і кашлянуў даўгарукі «фраер» — з пышным настаўленым чубам пад скасабочанай пацёртай аблавушкай, у шэрым палітончыку і шырокіх камечаных нагавіцах.

― Прыпаліць не будзе? — цыркнуў слінай і, пажмякаўшы ў вузлаватых пальцах, утыркнуў у рот папяросіну (за вухам сушылася другая).

― Не куру, — адказаў знарок басавіта.

Яшчэ раз коса агледзеўшы яго, «фраер» паклыпаў далей…

Крыху яшчэ пастаяўшы, пайшоў сваёй дарогай і ён — на Захараўскую (ці — пры паляках — вуліцу Міцкевіча), галоўную ў Менску. Каб зрэзаць «дугу», спусціўся пад мост і прыспешыў прыцярушанай маладым снегам сцежкай — да рэдкага скверыку.

З напаўцьмянага закутка, дзе заканчваўся-заварочваў плот, пачуўся невыразны ўскрык. Насцярожаны, пачаў углядацца ў нейкую напаўразваленую шэрую сцяну і выхапіў нацятым позіркам каля самага вугла дзве постаці — мужчыны і паненкі ў капялюшыку.