Читать «Пляц Волі» онлайн - страница 2

Алесь Пашкевіч

Дзесяцігоддзямі ён хаваў сябе — у працы, ратаваў літаратурай, а яно вазьмі дый лавінай прарвіся, і не калі-небудзь, пры моцы-здароўі, а вось цяпер, ціха, патрабавальна.

І раптам як агнём апякло: ехаць дадому. Былі ж — па газэтах знаў — на Беларусі і Сяднёў, і іншыя. І назад вярнуліся. І савецкай імперыі няма ўжо. Гэта ж так проста ранкам замовіць білет, і праз якіхсьці восем-дзесяць гадзінаў лёту…

І зусім ужо нечакана — ён заснуў, заснуў спакойна (такога даўно не здаралася), акрыўся салодкім дзіцячым сном. І бачыў маці сваю, і з дзедам гаварыў, і за Цароўку, вёску сваю слуцкую, кудысь весела бег — нібыта дождж даганяючы…

…Незвычайна нейк сцюардэса ў вочы зірнула — як зразумела штось, як паспачувала. А мо проста за ўзрост ягоны, далёка ўжо не небны (ці наадварот — не зямны) непакоілася, — каб не здарылася непрыемнасці…

Самалёт ад зямлі адарваўся, а ён — ад рэальнасці, у туманнасць мройную акунуўся, быццам сам у сябе — маладога, колішняга — увайшоў…

Папараць-Кветка

Першая купальская ноч іх дарослага жыцця прыйшла нечакана: толькі-толькі, здавалася, над зялёнымі шапкамі Слуцку вісеў сонечны яблык, вотолечкі цікаваў над імі неўтаймовец-жаўрук, як раптам сонца пачало хавацца, адно няроўныя вішнёвыя стужкі параскідвала па небакраі — нібыта хтось (можа, нават і вецер) наспех абчысціў яблык-сонца; дзесь у духмяным чаборы нагледзела сабе начоўку маладая пара жаўрукоў… Прыпынілася ў невысокіх берагах і рэчка. Чубы полымя люстраваліся на яе роўнядзі — гарэзілі й лашчыліся ў маленькай затоцы.

Яны ж, слуцкія гімназісты-аднакашнікі (адзін толькі Фабіян Шантыр ужо настаўнічаў) упаўкруг сядзелі вакол полымя, калі за спінамі нечакана пачуўся мядзведжы трэскат — Сяргей Бусел, завадатар-весялун, цягнуў да агня аграмадную сухадрэвіну.

— Ну, Клекатун, ці не купалка-русалка табе падсобіла — такую стваліну вывернуць… — падчапіў Андрэй Бараноўскі.

Мянушка да Сяргея прыстала не толькі з-за ягонага прозвішча — Бусел, але і праз вялікую гаварлівасць: як пачне, бывала, «клекатаць», дык каму-небудзь цяжка і слова ўшпіліць.

Але гэтым разам Бусел змаўчаў, прысеў каля яго, Алеся, і ціха адсопваўся — стаміўся.

Калі сухадрэвіну, з цяжкасцю паламаўшы, укінулі ў агонь, сноп іскраў ускружыў у неба, далёка асвяціўшы і сонную рэчку, і рэдкі арэшнік, і квола прытуманены ўскраек лугу.

Хлопцы, нібы апамятаўшыся, кінуліся купацца (як і былі — у штанах, адно кашулі паскідвалі), на іх з завідкай пазіралі дзяўчаты — сёстры Марыя і Людміла Стагановічы ды Алена Лабуш (дачка гаспадароў, у якіх кватаравалі сёстры, толькі збіралася паступаць у гімназію), пазіралі, але ў рэчку лезці не асмельваліся — сорам.

Ён любіў плаваць ноччу. Вада, шчодра налечаная за дзень, была асабліва мяккай. У густым цемрыве рачная роўнядзь пялёскалася ціха, перад самымі вачыма злівалася з нябачным небам… А цяпер — дык і зусім дзіўна пераблытваліся сполахі-іскрынкі полымя і зярняты зорак. Доўга плыў на спіне, губляючыся паміж чорнай рэчкай і покрывам начы, вада гулліва набягала на ягоны твар, пяшчотна казытала вусны. Ён успамінаў мінулы ўжо год вучобы, шкадаваў, што днём не адшукаў у Слуцку новых беларускіх кніжак. Колькі гадоў таму і сам пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх ужо змясцілі ў гімназічным часопісе «Прамень» — пад псеўданімам Алесь Ваяр. Штось натхнёнае трапяталася ў душы і зараз — ён хацеў напісаць пра гэтую ноч, пра іхняе чубатае полымя, пра залатоўкі-зоркі…