Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 6

Міхась Лынькоў

Тут дзед важна стукаў сябе па грудзях, каб забражджалі медалі, каб відаць было, які ён, дзед Астап, ёсць герой на свеце, якога нават жандары і генералы баяцца, пад казырок бяруць.

Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Але Міколка кідаўся ў спрэчкі, сумняваўся.

— Ты, дзед, вялікі манюка!

— Як то манюка? — аж садзіўся ад злосці дзед.

— А так! Маніш усё… Бачыў я, як ты шапку перад жандарам здымаў і аж крактаў, нізка кланяючыся. А яшчэ перад начальнікам дэпо ты зусім без шапкі ходзіш… Вунь, калі дождж быў, дык хадзіў ты перад ім без шапкі, аж з лысіны цякло.

Дзед не мог уседзець ад знявагі. Ён таропка хапаўся за папружку, знімаў яе. Трымаючы адной рукой штаны, каб не ўпалі без папружкі, ён грозна размахваў другой рукой і наступаў на Міколку:

— Я табе пакажу, як дзеда ў манюкі залічваць! Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў.

— А ты ж казаў, дзеду, дывізіі, а не батальёны! — кідаў Міколка і спешна ўцякаў з вагона, хаваючыся за блізкай стрэлкай. Дзед туды не пабяжыць. Нязручна яму скакаць цераз рэйкі, ды і небяспечна для адзення, яшчэ згубіш без папружкі. Таму дзед станавіўся звычайна ў дзвярах вагона і, патрасаючы кулаком, заводзіў доўгую дыскусію з Міколкам. Міколка агрызаўся:

— Ты, дзед, камара не заб’еш, не толькі што турка!

— А за што медалі мне дадзены?

— Як за што? А за лягушак…

— За якіх гэта лягушак? — здзіўляўся дзед, заўсёды забываючы гэты жарт над ім.

— А за тых лягушак, якіх ты ганяў з-пад пушак…

Сказаўшы гэта, Міколка лічыў за лепшае адступіць яшчэ на адну пазіцыю, падалей ад вагона.

«Хоць дзед звычайна і не ганяецца ўслед, але ўсё можа быць, — думае Міколка, адыходзячы далей і ўжо шкадуючы дзеда. — Відаць, перабаршчыў я крыху… Угневаецца цяпер дзед не на жарт…»

І сапраўды, дзед набіраўся вялікага гневу. Гэта ж жартачкі, усумніцца ў яго былой храбрасці. І хітры дзед мяняў тактыку. Ён і віду не паказваў, што ўкрыўджаны. Ён завіхаўся ля чыгуннай печкі, шчапаў лучыну, адным словам, займаўся мірнымі гаспадарчымі справамі. Але тым часам не зводзіў вока з падшыванца Міколкі. І калі той з’яўляўся дзе поблізу, дзед, быццам бы нічога не было між імі, клікаў Міколку:

— Унучак!

— Што?

— А ці не вып’ем мы з табой чаю?

Міколка думае з хвіліну. Як-ніяк чай вялікая спакуса. А дзед ізноў:

— Абаранкі ў мяне ёсць… Свежыя… А пахнуць жа, пахнуць.

— Ну! — здзіўляецца ў сваю чаргу Міколка. — Няўжо з макам?

— З макам, унучак, з макам! Ну і абаранкі! Дык вып’ем, кажаш?

— А што ты думаеш, дзеду! Давай сабе вып’ем…