Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 5
Міхась Лынькоў
Ведаў бацька пра Міколкавы практыкаванні на падножках, ушчуваў колькі разоў, але нічога не дапамагала.
— Ты памочнік машыніста? — пытаў Міколка ў такіх выпадках бацьку.
— Ну, а што?
— Вось табе і што. На паравозах ездзіш?
— Езджу. А што з таго?
— А нічога… Павінен і я ездзіць.
Што ты тут скажаш Міколку? Нічога. І, выязджаючы ў чарговую паездку на пуць, бацька толькі прасіў усіх знаёмых счэпшчыкаў і стрэлачнікаў на станцыі:
— Вы, браткі, пільнуйце хаця, каб не трапіў мой басурман на рэйкі!
— Дзе ты яго ўпільнуеш, блыху? На жывое будзе жывы, не дзе дзенецца.
— Ды яно ж так.
Так гадаваўся Міколка на рэйках.
Прыгоды Міколкі з дзедам Астапам
У Міколкавым раннім дзяцінстве было многа падзей, але ці дужа іх успомніш усе. А таму і раскажам толькі аб тых, якія больш памятны Міколку, на якія ён не забываецца да апошняга дня. Памятае ён пра вужа, пра гарачыя спрэчкі з дзедам, пра матчыных курэй і пра зялёнага ката. Ды яшчэ пра слаўную дзедаву стрэльбу і пра сваё досыць цікавае знаёмства з царом.
Раскажам цяпер пра вужа.
Вольнымі днямі, калі Міколкаў бацька адпачываў і не ездзіў на паравозе, Міколка з бацькам ішлі на рэчку, якая працякала недалёка ад станцыі. Тут лавіліся добрыя акунькі, траплялі шчупакі на шнур, часам пападаўся дробны сом. А больш за ўсё лавіліся плоткі. Цэлымі стайкамі хадзілі яны пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Толькі знай закідвай вудачку.
Акрамя рыбы ў рэчцы было багата ракаў. Яны масціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Сагнешся як мага болей, каб толькі ў вушы вада не трапіла, а руку глыбей пад бераг. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй. Ціскане часам так, што аж вочы на лоб палезуць. Але не бяда, падхопіш яго, калючага, ды на бераг. Скачы там, як хочаш, кусайся. За гадзіну якую, глядзі, цэлае вядро ракаў дасталі. Прынясуць іх у вагон, паставяць. Павылазяць яны, разбрыдуцца па ўсёй падлозе. У такія шчыліны забяруцца, што маці потым гадзінамі шукае іх, выпорвае венікам ды праклінае нашых рыбаловаў.
Дзед Астап быў старым мікалаеўскім салдатам, служыў вартаўніком у дэпо, меў два срэбныя медалі за турэцкую вайну. У святочныя дні дзед важна чысціў свае боты, потым яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, павесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю, каб людзям сябе паказаць, як казаў ён, і на людзей падзівіцца. Прыйшоўшы са станцыі, дзед звычайна хваліўся:
— Іду гэта я аж каля самага жандара, а ён перада мной у струнку так і выцягнуўся… Бача, значыць, герой ідзе. А то яшчэ генерал мне насустрач… старэнькі такі… Ну, я пад казырок яму, а ён, не разгледзеўшы добра, сляпы, як відаць, стаў ва фрунт ды на ўсю станцыю: «Здравія жалаем, ваша высокаправасхадзіцельства». Вось яно як! Відаць, падумаў, што я яшчэ вышэйшы генерал… Ды перад усімі людзьмі, перад усёй станцыяй. Вось што знача мікалаеўскі салдат! Вось што знача — медалі!