Читать «Навелы» онлайн - страница 210

Томас Ман

Самі таго не заўважаючы, мы ўсхвалявана паўскоквалі адзін за адным з месца. У нас усіх было адчуванне, што мы павінны неяк выказаць радаснае здзіўлеяне, якое авалодала намі, павінны нешта сказаць або зрабіць. Адзін толькі чалавек застаўся нерухомым і спакойным — Чэнтавіч. Пачакаўшы нейкі момант, ён падняў галаву, скіраваў на нашага сябра позірк і спытаўся:

— Яшчэ адну партыю?

— Канечне! — адказаў доктар Б. з ажыўленнем, якое непрыемна ўразіла мяне. Потым ён сеў і, перш чым я паспеў нагадаць яму аб яго ўмове — згуляць толькі адну партыю, пачаў з ліхаманкаваю паспешнасцю расстаўляць фігуры. Ён так нерваваўся, калі ставіў іх на месца, што пешка двойчы выслізгвала з дрыготкіх пальцаў і падала на падлогу. Непрыемнае пачуццё, якое авалодала мною ўжо раней, ператварылася з-за яго ненатуральнай усхваляванасці ў страх. Бо гэты раней ціхі і спакойны чалавек быў, відавочна, у нейкім экстазе, ён увесь дрыжаў як у ліхаманцы.

— Не трэба, — шапнуў я яму, — не трэба! На сёння хопіць. Для вас гэта надта вялікае напружанне.

— Напружанне? Ха-ха! — гучна і пагардліва засмяяўся ён. — Пакуль мы тут валаводзіліся, я мог бы згуляць семнаццаць партый. Адзінае, што мне цяжка, гэта старацца не заснуць пры такіх тэмпах. Ну, дык вы калі-небудзь ужо пачняце?