Читать «Навелы» онлайн - страница 212

Томас Ман

— Шах! Шах каралю!

Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз хвіліну адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:

— Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хто-небудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?

Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю — гэта заўважыла б і дзіця, — і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:

— Але кароль жа мусіць быць на «f7»… ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах… гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»… гэта зусім другая партыя… гэта…

Ён раптам асекся. Я моцна схапіў яго за руку, дакладней, проста ўшчыпнуў з такою сілаю, што нават ён у сваім ліхаманкавым замяшанні адчуў гэта. Ён павярнуўся і, як самнамбул, паглядзеў на мяне:

— Што… вам трэба?

— Remember! — сказаў я толькі адно слова і лёгенька пагладзіў пальцам шрам на яго руцэ.

Ён механічна паўтарыў мой жэст і шклянымі вачамі ўтаропіўся на крывава-чырвоную паласу. Раптам ён задрыжаў усім целам, быццам па скуры прабег мароз.

— Богам прашу, — прашаптаў ён бледнымі губамі, — няўжо я сказаў ці зрабіў якое-небудзь глупства?.. Няўжо магчыма, што я зноў?..

— Не, — ціхім голасам адказаў я, — але вы павінны спыніць гульню зараз жа. Неадкладна! Успомніце, што сказаў вам урач!

Доктар Б. рэзка ўскочыў з крэсла.

— Прашу прабачэння за недарэчную памылку, — сказаў ён сваім ранейшым ветлівым голасам і пакланіўся Чэнтавічу. — Я, канечне, сказаў абсалютнае глупства. Зразумела, гэтую партыю выйгралі вы.