Читать «Навелы» онлайн - страница 209

Томас Ман

Мы ўсе міжволі схіліліся над дошкаю, спрабуючы зразумець ход, які суправаджаўся такім пераможным воклічам. На першы погляд непасрэднай пагрозы каралю не было відаць. Вокліч нашага сябра тычыўся, мусіць, развіцця камбінацыі, якой мы, блізарукія дылетанты, зразумець яшчэ не маглі. Адзін толькі Чэнтавіч не зварухнуўся; ён заставаўся зусім спакойны, быццам і не пачуў зняважлівай заўвагі «канец». Нічога не адбылося. Але ўсе затаілі дыханне, і ў раптоўнай цішыні стала чуваць, як цікае гадзіннік на стале, прынесены спецыяльна для кантролю часу. Прайшло тры хвіліны, сем хвілін, восем — Чэнтавіч сядзеў нерухома, і толькі па тым, як надзімаліся яго тоўстыя ноздры, было відаць, што ён моцна напружваецца. Здавалася, наш сябар, як і мы, з цяжкасцю пераносіў гэтае маўклівае чаканне. Ён раптам рыўком устаў з месца і пачаў хадзіць з кутка ў куток, спачатку павольна, а потым усё паскараючы і паскараючы хаду. Усе прысутныя глядзелі на яго са здзіўленнем, але ніхто не быў гэтак устрывожаны яго паводзінамі, як я; бо мне кінулася ў вочы, што, нягледзячы на хваляванне, якое валодала ім, ён хадзіў па зусім дакладна абмежаванай прасторы, нібы кожны раз натыкаўся на нябачную сцяну, і яна прымушала яго паварочваць назад. Я здрыгануўся, бо зразумеў, што ён несвядома як бы крочыць па сваёй былой камеры: гэтак, менавіта гэтак, з нерухомым позіркам вачэй тысячы разоў за месяцы зняволення ён бегаў там з кутка ў куток, як звер у клетцы, наперад і назад, згорблены, з сутаргава сціснутымі кулакамі, дакладна, як цяпер; і ў ліхаманкава-бліскучых вачах яго ўспыхвалі чырвоныя агеньчыкі вар’яцтва. Але ягоны розум быў, відаць, яшчэ ў поўным парадку, бо час ад часу ён нецярпліва паварочваўся да стала, каб паглядзець, ці надумаўся зрабіць свой ход Чэнтавіч. А час ішоў — дзевяць хвілін… дзесяць. Потым адбылося тое, чаго ніхто з нас не чакаў. Чэнтавіч паволі падняў цяжкую руку, якая дагэтуль нерухома ляжала на стале. Напружана глядзелі мы на дошку, чакаючы яго рашэння. Але Чэнтавіч не зрабіў ходу. Няспешна, але рашуча ён ссунуў тыльным бокам далоні з дошкі ўсе фігуры. Мы не адразу зразумелі, што Чэнтавіч здаў партыю. Ён капітуляваў, ён не жадаў, каб мы сталі сведкамі яго канчатковага паражэння. Адбылося нечаканае: чэмпіён свету, пераможца незлічоных турніраў, спусціў сцяг перад незнаёмым, перад чалавекам, які дваццаць ці дваццаць пяць гадоў не дакранаўся да шахмат. Наш сябар, безыменны, у адкрытым баі дабіўся перамогі над мацнейшым шахматыстам свету!