Читать «Навелы» онлайн - страница 208
Томас Ман
— Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае — раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі… І акрамя таго… акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей… Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.
Назаўтра дакладна ў вызначаны час, у тры гадзіны, мы сабраліся ў курыльні. Наш гурток папоўніўся яшчэ двума аматарамі каралеўскай гульні — афіцэрамі парахода, якія спецыяльна папрасілі перанесці ім гадзіны вахты, каб атрымаць магчымасць прысутнічаць на гульні. Чэнтавіч на гэты раз таксама не прымусіў сябе чакаць, і пасля абавязковай жараб’ёўкі пачалася незвычайная гульня: «Ноmо obscurissimus» супраць славутага чэмпіёна свету.
Вельмі шкада, што адзінымі сведкамі гэтай партыі былі такія маладасведчаныя ў шахматах людзі, як мы, і што яна незваротна страчана для аналаў шахматнага мастацтва, як страчаны для гісторыі музыкі фартэпіянныя імправізацыі Бетховена. Праўда, на другі дзень мы разам паспрабавалі ўзнавіць яе па памяці, але марна; відаць, мы ўсе ў час гульні занадта захоплена глядзелі на шахматыстаў, замест таго каб сачыць за ходам гульні. Бо розніца ў інтэлектуальным узроўні партнёраў рабілася ўсё больш бачнай і адчувальнай па меры таго, як развівалася гульня. Вопытны Чэнтавіч увесь час сядзеў нерухома, як статуя. Позірк яго быў прыкаваны да шахматнай дошкі; абдумванне ходаў, здавалася, каштавала яму амаль фізічных намаганняў і вымушала да надзвычайнага напружання ўсё цела. Доктар Б., наадварот, трымаўся вольна і натуральна. Як сапраўдны дылетант у лепшым сэнсе гэтага слова, як аматар, для якога ўвесь сэнс і задавальненне ад гульні зводзіліся да самой гульні, «dilettо», ён, здавалася, адпачываў. У пачатку гульні ён размаўляў з намі, тлумачыў свае ходы, элегантна закурваў цыгарэту і, калі прыходзіла яго чарга рабіць ход, кідаў кароткі позірк на дошку і перасоўваў фігуру. Здавалася, ён кожны раз дакладна прадбачыў ход свайго праціўніка.
Першыя агульнавядомыя ходы ў дэбюце былі разыграны хутка. Пэўны план пачаў намячацца толькі пасля сёмага ці восьмага ходу. Чэнтавіч пачаў даўжэй абдумваць свае хады; з гэтага мы зрабілі вывад, што цяпер пачалася сапраўдная барацьба за ініцыятыву. Але, шчыра кажучы, паступовае развіццё партыі, тыповае для партый у сур’ёзных турнірах, нас, непрафесіяналаў, бадай што нават расчаравала. Чым больш ускладняўся малюнак гульні, чым больш дзіўны арнамент утваралі на дошцы фігуры, тым больш незразумелымі рабіліся нам пазіцыі праціўнікаў. Нам было не пад сілу не толькі зразумець іх намеры, але нават разабрацца, хто ж з іх дабіўся перавагі. Мы толькі бачылі, як паасобныя фігуры прабіраліся наперад, дзейнічалі, як тараны, і імкнуліся прарваць фронт праціўніка, але мы не маглі зразумець стратэгічнай задумы ў перасоўванні фігур, бо ў гэтых выдатных шахматыстаў кожны ход быў часткаю камбінацыі і дасканала прадуманы наперад. Потым намі паступова пачала авалодваць цяжкая стомленасць, якую выклікала галоўным чынам тое, што Чэнтавіч бясконца доўга абдумваў кожны свой ход; гэта яўна пачало нерваваць і нашага сябра. З трывогаю заўважыў я, што чым даўжэй цягнулася гульня, тым неспакойнейшы ён рабіўся: круціўся ў крэсле, нервова закурваў адну цыгарэту за другою, час ад часу хапаўся за аловак і нешта запісваў, заказваў мінеральную ваду і прагна піў шклянку за шклянкаю. Было відавочна, што ён прадумваў камбінацыі ў сто разоў хутчэй за Чэнтавіча. Кожны раз калі той пасля бясконцага роздуму нязграбна браў фігуру і адважваўся перасунуць яе, наш сябар, усміхнуўшыся, як усміхаецца чалавек, які даўно чакаў чагосьці такога і нарэшце яго дачакаўся, адразу ж рабіў ход у адказ. Відаць, ён са сваім жывым і рухомым розумам паспяваў загадзя разлічыць усе магчымасці, якія былі ў праціўніка; чым даўжэй абдумваў кожны свой ход Чэнтавіч, тым нецярплівейшы рабіўся доктар Б., тым больш злосна і амаль варожа сціскаў ён губы. Чэнтавіч, аднак, не хацеў спяшацца. Ён думаў моўчкі, зацята, і чым менш заставалася на дошцы фігур, тым даўжэйшыя рабіліся паўзы. На сорак другім ходзе, пасля бітых дзвюх гадзін і сарака пяці хвілін, мы ўсе сядзелі знясіленыя, амаль абыякавыя да таго, што адбывалася на шахматнай дошцы. Адзін афіцэр ужо пайшоў, другі чытаў кніжку і кідаў позірк на дошку толькі тады, калі хто-небудзь з гульцоў рабіў чарговы ход. Але раптам пасля ходу Чэнтавіча адбылося нешта нечаканае. Доктар Б… заўважыўшы, што Чэнтавіч падрыхтаваўся зрабіць ход і ўжо ўзяўся за каня, сціснуўся, як кошка перад скачком. Ён увесь дрыжаў, і ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход канём, як доктар Б. энергічна прасунуў наперад свайго ферзя. Потым ён адкінуўся ў крэсле, скрыжаваў рукі на грудзях і з выклікам паглядзеў на Чэнтавіча. У вачах у яго нечакана бліснуў гарачы агеньчык.