Читать «Навелы» онлайн - страница 206
Томас Ман
Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах. Ён ведаў пра маю сям’ю, і мне адразу чамусьці здалося, што ён хоча паказаць сваю схільнасць да мяне, бо ён вельмі пачціва адазваўся пра майго дзядзьку — лейб-медыка імператара. Потым ён задаў мне некалькі пытанняў, адно з іх асабліва здзівіла мяне: хто я — матэматык, хімік? Я адказаў, што не.
— Дзіўна, — прамармытаў ён, — калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы «с3», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.
Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.
— Нічога сур’ёзнага. Вострае расстройства нервовай сістэмы. — Ён азірнуўся навокал і ціхенька дадаў: — Гэта, зрэшты, і зразумела. Вы ж з 13 сакавіка тут, так?
Я кіўнуў.
— Чаго тут здзіўляцца пры іх метадах, — прамармытаў ён. — Не вы першы. Але не турбуйцеся.
Яго зычлівы тон і спачувальная ўсмешка пераканалі мяне, што я ў добрых руках.
Праз два дні доктар сам даволі адкрыта расказаў мне, што адбылося. Наглядчык пачуў у маёй камеры крыкі і спачатку падумаў, што я, мусіць, спрачаюся з кімсьці, хто прабраўся да мяне ў пакой. Але ледзь ён ступіў на парог, як я кінуўся на яго з кулакамі і зароў на ўсё горла нешта, што гучала, як: «Рабі хутчэй ход, нягоднік, баязлівец!» Потым я схапіў яго за горла і з такою злосцю пачаў душыць, што яму прыйшлося клікаць на дапамогу. Я бушаваў і, калі мяне цягнулі на медыцынскі агляд, у калідоры вырваўся і паспрабаваў выкінуцца з акна, разбіў шыбу і моцна парэзаў руку — вось тут яшчэ застаўся глыбокі шрам. У першыя дні ў шпіталі ў мяне было нешта накшталт запалення мозгу, але цяпер, на думку дактароў, мой розум і пачуцці ўжо ў поўным парадку.
«Але, — ціха дадаў ён, — я не буду расказваць пра ўсё гэтым панам, бо тады яны прыйдуць сюды і забяруць вас. Даверцеся мне, я зраблю ўсё».
Што сказаў маім мучыцелям добры доктар, я не ведаю. Ва ўсякім разе, ён дабіўся таго, чаго хацеў: мяне вызвалілі. Можа, ён заявіў, што цяпер я не магу адказваць за свае ўчынкі. Магчыма і другое: гестапа страціла цікавасць да мяне, бо тым часам Гітлер захапіў ужо Багемію і на гэтым для яго аўстрыйская справа была скончана. Мне прыйшлося толькі падпісаць абавязацельства не пазней як праз два тыдні пакінуць радзіму. Гэтыя два тыдні цалкам пайшлі на выкананне тысячы фармальнасцей, якія сёння патрэбны былому грамадзяніну свету, каб выехаць за мяжу: трэба было атрымаць дазвол ваенных улад і паліцыі, заплаціць падаткі, аформіць пасведчанне аб здароўі, пашпарт, візу, — і таму думаць аб мінулым мне не было калі. Мусіць, нейкія таямнічыя сілы рэгулююць дзейнасць чалавечага мозгу і аўтаматычна выключаюць небяспечныя для яго псіхікі ўспаміны; бо варта было мне прыгадаць турэмнае зняволенне, як свядомасць мая быццам зацямнялася. І толькі праз колькі тыдняў на параходзе я знайшоў у сабе мужнасць асэнсаваць перажытае.
Цяпер вы, мусіць, разумееце, чаму я так дзіўна, не зусім звычайна паводзіў сябе з вашымі сябрамі тады, у час гульні. Я выпадкова праходзіў праз курыльню, калі вашы сябры сядзелі за шахматнаю дошкаю. Убачыўшы іх за гульнёю, я ад здзіўлення і страху проста аслупянеў. Бо я зусім забыўся, што можна гуляць у шахматы за сапраўднаю дошкаю і сапраўднымі фігурамі, забыўся, што ў гэтай гульні ўдзельнічаюць два зусім розныя чалавекі, што яны сядзяць адзін насупраць другога. Уласна, мне спатрэбілася некалькі хвілін, перш чым я зразумеў, што гэтыя людзі гуляюць у тую ж самую гульню, у якую я гуляў сам з сабою месяцамі, калі быў у бездапаможным стане. Значыцца, шыфр, з дапамогаю якога я гуляў на памяць, быў эрзац, сімвал вось такіх рэальных фігур; я быў уражаны, убачыўшы, што фігуры на дошцы і іх перамяшчэнне цалкам адпавядаюць тым уяўленням, якія я выпрацаваў у сабе і якія жылі ў маёй галаве. Так, мусіць, бывае ўражаны астраном, які шляхам складаных матэматычных вылічэнняў тэарэтычна даказаў існаванне новай планеты і раптам бачыць яе на свае вочы на небе, выразна бачыць, як белую зорку, ва ўсёй яе рэальнасці. Я як зачараваны глядзеў на дошку і бачыў там мае дыяграмы — каня, туру, караля, ферзя і пешкі — усе рэальныя, выразаныя з дрэва фігуры; каб зразумець пазіцыю, мне міжвольна прыйшлося спачатку перанесціся з абстрактна-матэматычнага шахматнага поля на дошку, на якой перасоўваліся фігуры. Паступова мною авалодала цікаўнасць, мне захацелася паназіраць за сапраўднаю гульнёю двух партнёраў. І тут здарылася тая непрыемнасць, калі я забыўся пра ўсю далікатнасць і ўмяшаўся ў вашу гульню. Але памылковы ход вашага сябра быў як удар у сэрца. Я спыніў яго інстынктыўна, як неўсвядомлена затрымліваюць рукамі дзіця, якое перагнулася цераз парэнчы. Я толькі потым усвядоміў усю недарэчнасць свайго грубага ўмяшання.