Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 46

Кастусь Тарасаў

Спраўдзілася, думала яна, самае важнае спраўдзілася - сын едзе ў Полацак, зараз ён у дарозе, і над усімі, нават над Дабрынем, ён галоўны - яе сын, юны князь крывіцкай зямлі, новы ачольнік і адраджальнік полацкага роду... Дык чаго ёй гараваць, калі здзейснілася мара? Не так здзейснілася, як яна хацела? Няхай. Да кожнай радасці багі дадаюць гаркаты. Аб чым пакутаваць? Аб белай кашулі, футровай шапцы, княскай шубе, спаленай Дабрынем? Праўду казаў вяшчун: усё гэта мітусня невідушчасці; у княжацкім хадзіла - жыла рабой, можна ў чорным хадзіць і радавацца, што Ізяслава полацкая зямля будзе гадаваць. Немалая цана за гэтую расу. Толькі яна і белага адзення дачакаецца. Гэта здабыўнае. А валасы самі адрастуць. Каб не адраслі, галаву трэба зняць...

Раптоўна прарыпелі дзверы і ўвайшоў, прыгінаючыся ў нізкім праёме, поп Сымон - чорныя, у завітках валасы спадалі з-пад шапкі на плечы, і вочы ў папа былі цёмныя.

- Добры дзень, інакіня Анастасся, - лагодным голасам казаў поп, яшчэ не бачачы яе, адшукваючы яе позіркам, і знямеў, калі ўгледзеў яе голую. Адразу ён рынуўся прэч з хаты, як ад гадзюкі.

«Інакіня!», «Анастасся!» - перадражніла яна, адчуваючы да папа глыбокую злосць. З'явіўся, воран грэчаскі, падумала яна. Ці сумлення не мае, ці розуму няма. Раздзелі, пастрыглі, перасялілі, перайменавалі - «інакіня Анастасся». Стары прыблудны грэк сказаў «адварочваецца» - і, па-іхняму, няма мяне больш, знікла, памерла. Касу абрэзалі, чорную кашулю далі - раба нейкага Ісуса. Тут жа і вартаўнік ад яго: «Добры дзень. Прыйшоў дух мацаваць, бо чаго князь Васіль пажадае, тое і праўда!» Ці так, поп, проста? Ідала вы ссеклі, вешчуна зарэзалі, людзей у восеньскай вадзе павымочвалі, крыжы на іх надзелі - па-вашаму, няма больш старой веры, усе, як авечкі, пацягнуліся ў другі бок, на ваш выпас. Не, поп, не спадзявайся...

Рагнеда надзела расу, павязалася хусткай і таропка выйшла на двор. Пуста і ціха стала ў Заслаўі з адыходам Дабрыні, толькі густа валялася смецце ад тысячнага войска і навокал стракацела чорнымі вогнішчамі зямля.

Ля капішча моўчкі стаяла невялікая купка людзей. Рагнеда праціснулася наперад і ўбачыла мёртвага вешчуна - як забілі яго дружыннікі, так і ляжаў ён сярод трэсак ад пасечанага ідала.

«Пахаваем вешчуна, людзі!» - сказала яна, адчуваючы сябе найбольш адказнай; ёй падпарадкаваліся. Яна і сама стала збіраць па вогнішчах недапаленае вуголле. Некалькі старых загаласілі, і гэты неабходны па звычаю плач усіх узбадзёрыў. Нейкі стары ўмела складаў дровы і таптаў галлё, Рагнеда з бабамі ўзяліся абмыць вешчуна, а нехта здагадлівы прынёс з лясной яго пячоры чысты ўбор - кашулю, пояс, кій. Убранага, улагоджанага клопатам вешчуна паклалі на падрыхтаванае вогнішча. Па галлі рассыпалі жар, раздзьмулі агонь, запалала полымя, і пацягнуўся да нізкіх хмар слуп дыму... Вяшчун адлятаў у краіну Вырай, таямнічую краіну продкаў, душа яго, вызваленая агнём, падымалася ў надхмар'е, на вечныя шляхі святых птушак, адзіных з усяго жывога, каму багі дазваляюць бачыцца з людкамі, апавядаць ім пра жывых, а потым вяртацца да жывых, несучы на белых крылах наказныя словы дзядоў. І, развітваючыся з вешчуном, Рагнеда прасіла: «Скажы князю Рагвалоду, што ўнук садзіцца на яго месца і наш род не скончыўся. У светлы дзень радуніцы князь, і маці, і браты могуць паглядзець на пераемніка, на свайго наступніка, ён ведае іх імёны, ён чакае іх у свае сны... Адродзіцца Полацак, народзяць палачанкі новых ваяроў, паўстане наша зямля...» Ляціць прыветнае слова ў Вырай, туды падымаецца на спакой душа вешчуна, які выстаяў жыццё...