Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 45

Кастусь Тарасаў

- Заўтра выходзім. Збірай Ізяслава. А сама што рашыла? Не перадумала?

- Смяешся, Дабрыня?

- Ну, не дык не.

І пайшоў.

Вось і настала ноч развітання з сынам. Рагнеда паклала яго побач з сабой, адбымала, слухала яго дыханне, галубіла - і пражыла апошнія гадзіны свайго мацярынскага шчасця без думак і гадання пра наступны дзень і свой лёс.

Ледзь заняўся ранак, прыйшлі Дабрыня і Бедавей - час.

- Пачакайце, - папрасіла Рагнеда. - Дайце хоць абняцца без вас. Зараз выведу.

- Толькі хутка, - сказаў Дабрыня.

- Не забудзь гэты дзень, Ізяслаў, мы расстаемся на гады, - шаптала яна. - Ведай, я буду чакаць цябе. Запомні мяне, такі мой твар. Расці, стань князем і вярніся па мяне. Любі Полацак, гэта твой горад, наша радзіма...

А сын, адчуваючы нейкую асаблівую важнасць яе словаў, плакаў і ківаў: «Так, матуля. Так...»

Дзесяць гадоў чакаць, думала яна, ці хопіць у нас сілы несці такі груз?

- Пойдзем, сынок!

Яны выйшлі на двор. Бедавей узяў Ізяслава за руку і павёў да варот. Дабрыня ж застаўся пры ёй і маўчаў, пакуль княжыч і Бедавей не зніклі з вачэй. Зараз усё адкрыецца, казала сабе Рагнеда, зараз Дабрыня назаве мой лёс, можа, стаіць ужо за рогам ягоны чалавек с нажом і чакае ўмоўнага знака...

- Зойдзем у царкву, - сказаў Дабрыня. - Там чакаюць.

У царкве ўбачыла яна трох кметаў, а на ўзвышшы стаяў уладыка Кірыла. Яна зразумела: «Не заб'юць!»

- Шкада мне цябе, - сказаў Дабрыня, - ды ты сама выбірала. Загадана князем: калі не замуж, дык у чарніцы...

- Не! - закрычала Рагнеда.

Але кметы схапілі яе, апусцілі на калені, сарвалі намітку, Кірыла наблізіўся і сказаў напеўна:

- Адварочваецца раба божая Гарыслава ад свету, ад людскага жыцця, прысвячае сябе Ісусу Хрысту і прымае імя ў манастве Анастасся...

Яна адчула, як нацягнулі касу, прашыпеў па ёй нож, і нібы дзірку выразалі ёй у галаве. Ад бяссілля і нянавісці ўсё паплыло перад вачыма, але хутка і спынілася - толькі цяпер недзе воддаль, не там, дзе было раней. І голас папа даходзіў да яе глуха, быццам з-за сцяны. Яна чула, што цяпер яна не княгіня, няма ў яе дзяцей, яна - чарніца, дзеля славы Ісуса Хрыста і па яго запаветах пойдуць далейшыя яе дні і заняткі ў Заслаўі, дух яе будзе мацаваць айцец Сымон, а жыць яна будзе ў келлі...

Кметы паднялі яе; між іх выйшла яна з царквы, перасекла двор і ступіла ў малую хатку, дзе, па словах мужыкоў, меўся жыць поп. Усіх падманулі, падумала яна. Нікога не было ў хаце, але палілася печ, і кучай ляжалі на палу яе рэчы. Дабрыня прычыніў за сабой дзверы. «Давайце!» - загадаў ён кметам. «Што ж яшчэ? - здзіўлена падумала Рагнеда. - Звяжуць?» Але кметы сілай распранулі яе, адзенне кінулі ў печ, а ў рукі ёй далі чорную сукенку. Яна з агідай адкінула новае ўбранне. І касу кметы таксама кінулі ў агонь.

Голая стаяла Рагнеда ў неабжытай цеснай хаце, а ў печы дымам адыходзіла яе мінулае. Кметы выйшлі, пайшоў Дабрыня, а яна не магла падняцца з каленяў і змярцвела глядзела на печ, адкуль выпаўзаў пад столь чорны дым...

Жыццё трэцяе

1

Каса і старое адзенне згарэлі, дым выцягнула праз акенца, і нейкі час прайшоў для Рагнеды ў вязкім здзіўленні перад незвычайнасцю прыдуманага для яе пакарання. У хаце пасвяжэла, пацягнула халадком па падлозе, здранцвеласць адступілася, і ўжо не стаялі перад вачыма барадатыя морды кметаў, усмешка Дабрыні, чорнае вока Кірылы. Рагнеда паднялася, села на лаўку і, адчуваючы спінай шурпатыя цёплыя вянцы, сухі, колкі мох, абыякава глядзела на кінутую, змрочную, як папялішча, расу.