Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 43

Кастусь Тарасаў

- Цябе перасілілі, - паправіла Рагнеда, - вось табе, узлаванаму, і ахвота ўсіх перасільваць. Высока ўзняўся ты з прываротнікаў, галоўны дарадца князя, разумнейшы, можа, за яго, і чалавек ты моцны, аднаго няма, Дабрыня, - забілі кіяўляне тваю княжую душу. Бацьку твайго насмерць, а цябе напалову. Была б у цябе душа, хіба сказаў бы ты мне пра Бедавея... А табе не сорамна. Як паставіла цябе Вольга слугой, так і выконваеш усе загады. І мяне хочаш прываротніцай зрабіць... Не, не пацешыцца табе на такім вяселлі, не будзе па-твойму...

- Твая справа, - стары падняўся. - Але не будзе і па-твойму. Таму думай, княгіня, узваж, каб потым не шкадаваць...

Пустыя словы, бязглуздзіца. Аб чым шкадаваць? Аб Бедавеі? Лепш да русалак, чым за яго. Уладзімір новую веру прыняў, на рамейскі лад пачаў жыць: малых удзельных князёў ссякае пад корань, былых жонак дорыць дружыннікам; сотню наложніц з Берастава, відаць, разагнаў ці раздаў сябрам. Для каго гонар - той няхай радуецца. А ёй нашто ганьбаваць сябе і сына! Прыехаў бы Даражыр сватацца пры князі Рагвалодзе! Прыбілі б яго за дзёрзкасць. Неяк вычварна ёй помсцяць! Прапануюць пайсці замуж, ведаючы, што адмовіцца. А далей што? Утопяць у Свіслачы? Няхай так. Такая цана. Калі б год назад сказаў Уладзімір: табе на той свет, Ізяславу Полацак - згодная? Адказала б: так! Цяпер сыну даюць Полацак, таму яна гаворыць: згодная...

Назаўтра пачалі рубіць на дзядзінцы царкву, а воддаль - хатку; насілі туды гліну і білі там печ; зарыпелі пяткай дубовыя дзверы, склюдаванымі дошкамі накрывалі дах. Жыллё для папа, тлумачылі мужыкі. Рагнеда дзівілася малым памерам хаткі. У мурашынай мітусні, што ахапіла дзядзінец, сустракала Рагнеда і сваіх жаніхоў; яны віталіся, але хмура, відаць, крыўдавалі - мусіў ім Дабрыня паведаць зняважлівы яе адказ. Што ім сумаваць, думала Рагнеда, усё роўна адну на дваіх не падзеліш, хоць не пасварацца. Хадзілі па дзядзінцу, назіраючы працу, грэкі ў чорных расах. Галоўным сярод іх сівы, суровага вока айцец Кірыла. Два другія папы былі маладзейшыя; адзін называўся айцец Іона, другі - айцец Сымон. Строгасцю твару Сымон падобны быў на старога Кірылу. Айцец Іона здаваўся весялейшым. Бедавей паведаў Рагнедзе, што ў Заслаўі застанецца святаром Сымон, і прыехаў ён з жонкай, і сам ён не грэк, а з балгараў. Хоць печанег, думала Рагнеда. Не цікавіла яе грэцкая вера, гэтая новая вера Ўладзіміра і Дабрыні; былі яны лютыя пры дзедаўскіх багах, не зменшыў іхную лютасць бог заморскі; заставаліся ёй лічаныя дні жыцця, і не мела значэння, каго паселяць замест яе на дзядзінцы...

Праз тыдзень пакрылася царква стромкім дахам з вежачкай, якую завяршаў крыж. Побач з будынінай паставілі слуп, павесілі на яго меднае біла. Айцец Іона ўдарыў па ім жалезным прутам. На гэты звон сышлася да царквы дружына.

Тры папы абышлі жыллё свайго бога па кругу, пырскаючы на яго вадой. Потым зайшлі ў царкву, набілася туды частка дружыны, грэкі нешта пелі, цягнула праз адчыненыя дзверы саладкаватым кадзільным дымком, дружына ў царкве то станавілася на калені, то падымалася... Неўзабаве пасля гэтай службы абышлі дружыннікі пасад, загадваючы збірацца ранкам на Свіслачы для хрышчэння. А хто не прыйдзе, той князю вораг, і адпаведна з ім абыдуцца...