Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 42

Кастусь Тарасаў

Пагрозай павеяла на Рагнеду ад гэтага ўмаўчання. Ды што мог зрабіць ёй Уладзімір? Што другім жонкам - тое і ёй.

- Дзе Алова? - спытала яна.

- Замужам, - адказаў Дабрыня. - За Корла пайшла. Памятаеш такога варага?

- А Мілаліка?

- Таксама замужам.

- Мальфрыда? Адэля?

- Усе хрысціліся, усе за новымі мужамі! - вычарпальна сказаў Дабрыня.

- Другога выйсця няма, так, Дабрыня?

Ён змаўчаў.

- Ну, а мне каго дае ў мужы князь Васіль?

- Каго абярэш, - адказаў Дабрыня. - Даражыр, Бедавей...

- Хто, хто? - перапытала яна, нібы не расчуўшы.

- Бедавей, Даражыр, - няспешна і абыякава паўтарыў Дабрыня. - А што? Чым, княгіня, яны табе не падыходзяць?

Ведаў ён і сам, што яны ёй не роўныя; не патрабавалася тут тлумачэнняў. Рагнеда змаўчала. Усё ж яна пільна ўглядалася ў Дабрыню: ці не смяецца з яе стары кат? Уявіўся ёй двор, хата Бедавея. Вось Бедавей прыходзіць п'яны, валіцца на лаўку і крычыць ёй, каб зняла з яго боты... Полацкая княгіня з кіеўскага халопа... Рагнеда з Рысака...

- І што, - усміхнулася яна, - князь Васіль ведае пра гэтых жаніхоў?

- Ведае, - пацвердзіў Дабрыня, і яна яму паверыла.

Аднак ці мог ён думаць, што яна пагодзіцца? Ці здурэў ён, прыняўшы грэчаскую веру, і лічыць, што да ўсяго можна прымусіць чалавека сілай? Тут прыгадаўся ёй адзін вечар - можа, адзіны добры вечар з усяго жыцця з Уладзімірам. Яны выйшлі на прагулянку. Ён нёс на руках Ізяслава. Былі раннія прыцемкі, усё сцішылася да бязгучнасці, і раптам яны ўбачылі белага каня - апусціўшы галаву, ён стаяў нерухома, як зачараваны. Калі-нікалі вока яго на міг расплюшчвалася. «Мроіць!» - шапнула яна. «Спіць!» - кіўнуў Уладзімір. І на той вечар гэты ахоплены мроямі ці сном конь злучыў іх светлай радасцю... Але аддаць яе Бедавею! Больш гонару для Ўладзіміра было б забіць яе!

- А каго ты хацела б? - спытаў Дабрыня.

- Чаго я хачу, тое табе, Дабрыня, поперак горла. Як разумею, мне з Ізяславам не дазволіце?

- Вядома, - ён ажывіўся. - Разваж: вернешся ты ў Полацак - і што? Будзеш помсціць, калі выпадзе. Ізяслава навучыш. Сядзе ў сядло - пачне варагаваць. Ці ты распачнеш... Не, закрыты для цябе шлях у Полацак...

Вось цяпер усё дакладна вызначылася; пярэчыць, прасіць - усё не мела сэнсу; з медзведжай упартасцю Дабрыня выканае ўвесь расклад рашэнняў. І на тое здольныя, што звяжуць і сілай возьме яе Бедавей, як узяў Уладзімір.

- Дванаццаць сыноў нарадзілі Ўладзіміру, - сказала яна. - Думаеш, яны ўжывуцца, калі Ўладзімір сканае. У яго два браты былі - дзе яны...

- Ужывуцца не ўжывуцца - мы з табой не ведаем, - не прыняў Дабрыня. - Гэта іхны клопат. А ў нас свой... Але я цябе разумею. І майго бацьку забілі, і сястру абразілі, і мяне ў стайні трымалі, з коньмі спаў... Нібыта і я меў падставы на Кіеў злаваць... І што сталася б - кроў і сеча.

- А што, хіба не было крыві? - выкрыла Рагнеда. - І Яраполк памёр сваёй смерцю? І супраць Кіева вы не стаялі?

- Мог бы і я княжыць у бацькоўскім Малічы, - казаў Дабрыня, не адгукаючыся на пярэчанні. - Ды, вось, не імкнуўся. Я сябе адолеў, і ты перасілься...