Читать «Тры жыцці княгіні Рагнеды» онлайн - страница 33

Кастусь Тарасаў

З тых наведкаў безыменны ў жыхарах горад пачаў адкрывацца, завяліся знаёмыя, павяліся размовы. Загасла пакрысе пачатковая цікаўнасць, пільная ўвага ў вачах, якой сустрэлі Рагнеду насельнікі места. Ды і як магло не дзівавацца жыхарства свіслацкага паселішча? Хто з іх бачыў князя Ўладзіміра, яго жонак, яго сыноў, толькі імёны іх прыносіла пагалоска. І раптам прывозяць да іх яго сына. Яго жонку, былую полацкую князёўну, пра якую перадаюцца чуткі, што ўначы скалола вялікага князя нажом і ледзь не сплыў князь крывёю насмерць. Розныя, зразумела, склаліся меркаванні пра гэты ўчынак: бабы спачувалі Рагнедзе - усё ж чатырох дзетак адняў князь, цяжка цярпець такую страту; мужыкі, наадварот, ганьбавалі князеву літасць - вінен быў, на іхні розум, забіць такую змяю, бо гэтак кожная шалёная баба пачне дзіравіць мужа нажом, калі даверліва спіш з ёю побач. Але нават знаку шаленства не прыкмячалі ў княгіні назіральныя вочы; прасвятлеў у Заслаўі яе твар, спадабалася ёй у гэтым глухім балотным куце, а туга па сваіх стратах адбівалася добразычлівай увагай да ўсіх сустрэчных дзяцей.

Знявагай быў пільны нагляд, які ўсчаў за ёю заслаўскі цівун. Пэўна, атрымаў цівун Серада адпаведны загад праз Бедавея не дапусціць уцёкаў княгіні; таму хадзілі за Рагнедай пачаргова два вартаўнікі. Як цені, следавалі яны разам з Рагнедай у лес і на луг за зёлкамі, і на прагулянках уздоўж Свіслачы абавязкова цягнулася ззаду, за крокаў сорак, апаясаная мячом, з лукам цераз плячо маўклівая насцярожаная постаць. Каб не збегла. Толькі куды ўцякаць? І нашто? Дзе будзе лепш? Рагнеда ўсё ж запыталася ў цівуна: чаму нагляд? нашто ёй чалавека за сабой вадзіць, як сабаку на вяроўцы? Серада пабегаў вачыма і знайшоў тлумачэнне: нагляду няма, а ёсць ахова, каб які ліхі чалавек не пакрыўдзіў княжыча ці жонку князя Ўладзіміра; калі яе пакрыўдзяць - яму галаву знясуць. Але і да аховы сваёй прызвычаілася Рагнеда, тым больш, што рупіўся назіраць адзін, прозвішчам Сыч, а Руды нейк і саромеўся свайго абавязку. Ахвота Сычу дбайна наглядаць - няхай дбае, прыняла Рагнеда; нават і цікавей, ёсць з кім у хованкі згуляць: затоіцца ў кустах і сочыць, як дзяцюк носіцца кругамі, бы той выжал. Магла мець горшы канчатак начная кіеўская няўдача; здзіўляла яе ў іншыя хвіліны, што так проста адпусціў яе Ўладзімір. Ужо потым, над усімі падзеямі разважаючы, зразумела яна, што не меўся ён абысціся з ёю інакш: забіўшы маці пяцёх сваіх дзяцей, страціў бы ён славу ў вачах дружыны і людзей. А гэтак усім добра: і ён задаволены, і яна пакараная - сядзець ёй у балотах да скону. Але і старэйшага сына мог адлучыць - хто б запярэчыў? Аднак саслаў разам, пакінуў ёй Ізяслава для суцяшэння. Ці таму разам саслаў, што зненавідзеў сына за абарону маткі, прагнаў прэч з вачэй, каб не бачыць сведку сваёй ганьбы. Так, сорамна яму перад сынам, што паказаўся як кат - з узнятым мечам, з воўчым выскалам. Не печанежскага хана, які п'е з бацькавага чэрапа, не роднага брата чужымі рукамі, не, не гэтых, што могуць бараніцца, - бяззбройную, слабую бабу, сваю жонку прыйшоў забіць. Брыдкая справа, не захочацца трымаць яе ў памяці...